Воскресенье, 27 сентября 2020

Читательская почта: за что мы платим ЖКХ?

1 311

Мы, жыхары дома №6 па вуліцы Будаўнічай у Пружанах, жадаем пры дапамозе рэдакцыі атрымаць адказ ад кіраўніцтва ЖКГ аб аплаце за камунальныя паслугі і капітальны рамонт нашага дома. Прайшоў 31 год з моманту засялення дома, а яго капітальны рамонт нават не плануецца, хаця плата бярэцца спраўна. Нас вельмі цікавіць: чаму мы плацім за ўборку прыдамавой тэрыторыі за 2254 квадратныя метры, калі яна на многа меншая? Чаму мы плацім за ўборку падвалаў і лесвічных пляцовак, іх рамонт, калі  жыльцы і прыбіраюць, і рамантуюць іх самі?

І наогул, за якія паслугі мы плацім ЖКГ, калі іх нам не аказваюць? Працякае труба ці патрэбна замяніць лямпачку – усё за свой кошт. На двары дома перад мінулым новым годам камунальшчыкі планавалі зрабіць аўтастаянку, нават падрыхтавалі месца. Аднак хутка зноў новы год, а стаянкі як не было, так і няма…

Ад імя жыхароў дома М.Р.Чазаў (і яшчэ 30 подпісаў).

З нагоды гэтага пісьма рэдакцыя атрымала адказ з КУВП “Камунальнік” за подпісам дырэктара                   А.Ф.Шопіка. Некаторая інфармацыя, якая там змяшчаецца, відаць, будзе цікавай не толькі жыхарам дома №6, але і іншым гараджанам, што пражываюць у дамах, якія знаходзяцца на балансе і тэхабслугоўванні філіяла “Жилищник”.

У прыватнасці, у адказе гаворыцца, што, акрамя згаданага дома, на балансе камунальнай службы знаходзіцца 63 жылыя дамы вышынёй у два паверхі і болей, з тэрмінам эксплуатацыі 30 і больш гадоў, якія патрабуюць капітальнага рамонту. У сувязі з недастатковасцю фінансавых сродкаў у першую чаргу выконваецца капітальны рамонт недобраўпарадкаванага жылфонду і жылых дамоў са шматлікімі дэфектамі: працяканнем даху і стыкаў сценавых панэляў, прамярзаннем сцен і г.д.

На бліжэйшыя пяць гадоў (2011-2015 г.г.) праграма капітальнага рамонту жылфонду сфарміравана. Жылы дом №6 па вуліцы Будаўнічай у Пружанах уключыць у гэтую праграму не ўяўляецца магчымым.

З 2008 г. па верасень 2011 г. жыльцамі дома на капітальны рамонт было адлічана 22,6 мільёна рублёў, на тэхнічнае абслугоўванне — 25,9 мільёна рублёў. За гэты ж перыяд па бягучым рамонце было выканана работ на суму 18,5 мільёна рублёў (рамонт рулоннага пакрыцця). Астатнія адлічэнні на тэхабслугоўванне былі накіраваны на аплату выдаткаў па вывазу смецця, уборцы і асвятленні месцаў грамадскага карыстання, абкошванні тэрыторыі, уборцы снегу.

У сувязі з тым, што зварот у рэдакцыю газеты падпісалі больш 30 грама-дзян, у адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату” 18 кастрычніка 2011 года быў праведзены сход з жыльцамі дома. Былі дадзены тлумачэнні па хвалюючых людзей пытаннях. У прыватнасці, гаварылася аб тым, што аплата за капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду налічваецца ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства ЖКГ РБ ад 24.05.2004г. №13. Аплата за тэхнічнае абслугоўванне не залежыць ад памеру  прыдамавой тэрыторыі, а налічваецца ад агульнай плошчы кватэры наймальніка. Уборка лесвічных пляцовак робіцца ў адпаведнасці з графікам. А рамонт пад’ездаў у сувязі з недастатковым фінансаваннем выконваецца з долевым удзелам жыльцоў.

Па пытанні асвятлення лесвічных пляцовак, як сказана ў адказе з “Камунальніка”, было даведзена, што заявак на замену перагарэлых лямп асвятлення не паступала. З нагоды выпраўлення няспраўнасцей электраабсталявання ў месцах агульнага карыстання і замены электралямп неабходна звяртацца ў філіял “Жилищник” па тэл.                      9-27-80.

У 2009-2010 г.г. у рамках “Праграмы добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый” у раёне праводзіліся работы па будаўніцтве аўтастаянак на прыдамавых тэрыторыях. Такую аўтастаянку планавалася зрабіць і каля дома №6 па вул.Будаўнічай. Аднак з-за недастатковага фінансавання  заасфальтаваць яе не ўдалося.

Прачыстка ліўневай каналізацыі дома і рамонт лавачкі каля пад’езда №2  будуць выкананы да 31.10.2011г. Працяканне даху над кватэрамі №№24, 38, 40 пры наяўнасці добрых умоў надвор’я будзе ліквідавана да 10.11.2011г. Пытанні па ўстройству фортак на лесвічных пляцоўках верхніх паверхаў і рамонту сцяны лоджыі будуць разгледжаны пры распрацоўцы “Праграмы бягучага рамонту жыллёвага фонду па Пружанскім раёне на 2012г.”

З нагоды зносу дрэў на прыдамавой тэрыторыі ў райвыканкам напраўлена хадайніцтва аб дазволе на іх знос. Пры атрыманні такога дазволу дрэвы будуць спілаваны.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *