Пятница, 17 сентября 2021

Увага: з’явіліся махляры! Некаторыя прадаўцы фільтраў, аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў або газавых сігналізатараў прыкрываюцца вядомымі брэндамі

1 837

У сваіх зваротах у раённую газету нашы чытачы неаднаразова расказвалі пра розныя схемы падману. У прыватнасці, па дамах пружанцаў і жыхароў сельскіх населеных пунктаў не раз хадзілі прадаўцы фільтраў, аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў або газавых сігналізатараў. Закідваючы людзей тэхнічнай інфармацыяй, якую ў бытавых умовах немагчыма праверыць, яны прадавалі літаральна бескарысныя тавары, кошт якіх, да таго ж, нярэдка павялічвалі ў дзясяткі разоў.

Аднак ранейшыя схемы можна аднесці да не падрыхтаваных належным чынам, бо патэнцыяльны пакупнік мог у любы момант адмовіцца ад набыцця непатрэбных яму рэчаў. І нават увогуле не пусціць падобных візітоўцаў на парог дома. З пачатку бягучага года махінатары пачалі дзейнічаць інакш.

У рэдакцыю «РБ» звярнуліся грамадзяне, якія заключылі дагавор падраду, як яны лічылі, з дзяржаўнай арганізацыяй на выкананне работ па ўстаноўцы аўтаматаў электрычнай энергіі.

Найменне арганізацыі-падрадчыка амаль поўнасцю паўтарае назву вядомага ў нашай краіне дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «БЕЛЭНЕРГА» з некаторым дапаўненнем, накшталт «…сетка» ці «…прам» і гэтак далей. Гэту «дабаўку» наведвальнікі ў размове нярэдка выкідалі, з-за чаго ў людзей стваралася ўражанне, што да іх прыехалі энергетыкі, якім можна і трэба давяраць. У выніку тыя, хто пагаджаўся на атрыманне паслуг, няўважліва чыталі дагаворы, якія падпісвалі. А гэта варта было рабіць.

У прыватнасці, абанентам за ўстаноўку аўтаматаў трэба было выплаціць спачатку задатак, а потым поўную суму, якая ў 20(!) разоў перавышала тарыфы, прынятыя ў дзяржаўнай энергаарганізацыі. І ніякіх варыянтаў адмовіцца ад выканання дагавору ў іх не было, бо дробным шрыфтам была прапісана літаральна кабальная ўмова, згодна з якой прадугледжваўся значны памер пені — 2% ад неаплачанай сумы за кожны дзень пратэрміноўкі.

Акрамя таго, там жа быў яшчэ адзін малазаўважны пункт: «заказчык гарантуе, што складае дзеючы дагавор не з прычыны цяжкіх акалічнасцяў на вельмі нявыгадных умовах, і сапраўдная дамова не з’яўляецца кабальным пагадненнем». Словам, кліент адразу прызнаваўся ў тым, што поўнасцю ведаў пра ўмовы і свядома пагадзіўся з імі, без усялякага прымусу і падману.

Вядома ж, грамадзяне павінны ўважліва чытаць дакументы, перш чым іх падпісаць. Чаго пажылыя людзі часта не робяць, асабліва калі ўпэўнены, што маюць справу з работнікамі дзяржаўных структур. А ў выніку рознага роду «спецыялісты» спрытна навязваюць грамадзянам свае платныя паслугі.

Між тым, шанец адмовіцца ад падпісанага дагавору і навязаных паслуг ёсць.

Вось як гэта каментуе загадчыца раённай юрыдычнай кансультацыі А.В. Мацаюк:
— Па-першае, неабходна звярнуць увагу на тое, што праглядаецца падабенства назваў арганізацый, што можа выклікаць непаразуменні ў патэнцыяльных спажыўцоў. Нагадаю, што парадак дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання вызначаны Дэкрэтам №1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання».

У адпаведнасці з п.12, да звароту за дзяржрэгістрацыяй уласнік маёмасці, заснавальнікі (удзельнікі) створанай камерцыйнай альбо некамерцыйнай арганізацыі павінны ўзгадніць выбранае найменне з рэгіструючым органам. Вось тут ёсць важны момант: паводле п.3 арт.1013 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, не можа быць зарэгістравана фірменнае найменне юрыдычнай асобы, падобнае на ўжо зарэгістраванае настолькі, што гэта можа прывесці да блытаніны юрыдычных асоб.

Тое ж прадугледжана і ў п.1 Палажэння аб парадку ўзгаднення наймення камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, зацверджаным Пастановай №154 Саўміна РБ: узгадненне наймення юрыдычнай асобы ажыццяўляецца ўпаўнаважаным супрацоўнікам рэгіструючага органа шляхам яго ацэнкі на прадмет адпаведнасці патрабаванням, устаноўленым заканадаўствам.

Найменне юрыдычнай асобы не павінна быць аналагічным найменням іншых юрыдычных асоб, ужо занесеных у Адзіны дзяржрэестр, асабліва калі гэта можа прывесці да блытаніны.

Чаму камерцыйная арганізацыя атрымала рэгістрацыю, калі відавочна аналогія яе назвы з дзеючым дзяржаўным прадпрыемствам?

Адказ павінны шукаць іншыя органы, магчыма, і праваахоўныя. А вось патэнцыяльным кліентам махляроў, кіруючыся вышэйназванымі нарматыўнымі актамі, можна адмовіцца ад атрымання падобных паслуг, нават пасля падпісання дамовы. Або дамагчыся справядлівасці ў судовым парадку.

Таксама варта дасканала даведацца пра асаблівасці дзеяння згаданай «кампаніі». Справа ў тым, што тыя віды дзейнасці, якія звязаны з энергетыкай, патрабуюць сур’ёзнай адпаведнасці даволі строгім патрабаванням. І гэту адпаведнасць трэба рэгулярна пацвярджаць. Таму прыватныя фірмы часцей выкарыстоўваюць пры рэгістрацыі код 96090 «Аказанне іншых індывідуальных паслуг, не ўключаных у іншыя групы».

Заканадаўствам пералічаны вялікі спіс такіх паслуг, пачынаючы ад эскорту і службы знаёмстваў і заканчваючы дзейнасцю тату-салонаў. Пра «энергетыку» ў спісе няма нават намёку. А значыць, кампанія «залезла» ў тую сферу, куды трапіць не мае афіцыйнага дазволу. На падставе чаго заключаныя дагаворы на ўстаноўку электрапрылад таксама могуць быць прызнаны несапраўднымі.

Напрыканцы адзначым, што нашым грамадзянам неабходна быць больш пільнымі, уважліва чытаць падпісваемыя дакументы і не дазваляць сябе абдурыць.

Даведка ад «РБ»

У адпаведнасці з арт.209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, завалоданне маёмасцю або набыццё права на маёмасць шляхам падману або злоўжывання даверам (махлярства) караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

А махлярства, учыненае арганізаванай групай або ў асабліва буйным памеры, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў са штрафам.

Падрыхтаваў Алег СІДАРЭНКА