Воскресенье, 20 июня 2021

9 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень сяброў. Чытайце пра вынікі нашага самага «дружнага» апытання

675

Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў адной з найвялікшых каштоўнасцей лічылася сяброўства. Быў заснаваны нават Міжнародны дзень сяброў, які адзначаецца ў многіх краінах 9 чэрвеня. З гэтай нагоды журналісты “раёнкі” выйшлі ў горад, каб пагаварыць з жыхарамі і гасцямі Пружан пра людзей, якіх немагчыма купіць за грошы і якія для іх з’яўляюцца сапраўднай апорай і падтрымкай.

Людміла:
— У маім жыцці, напэўна, як ва ўсіх, было шмат цяжкасцей. І ў сумную хвіліну на дапамогу прыйшлі мае сябры-калегі. Выслухалі, падтрымалі, нават матэрыяльна дапамаглі. З радасцю назаву іх імёны: Святлана Бартноўская, Людміла Кавалевіч, Міхаіл і Валянціна Захаркіў і многія іншыя — у газеце не хопіць месца, каб усіх пералічыць. Хай дабро, якое яны мне зрабілі, вернецца ім памножаным у разы. З самым “дружным” святам, сябры!

Ірына і Юрый Буланьковы:
— Сяброў, безумоўна, у нас шмат. Але калі ўжо казаць пра самых дарагіх, то гэта муж і жонка, як у нас: адданыя і любячыя. Мы разам не толькі ў радасці, але і калі цяжка. Разам з’елі не адзін пуд солі, перажылі рознае. І сёння разумеем, што ў гэтым жыцці, што б ні здарылася, моцны тыл у нас забяспечаны.

Крысціна:
— Хтосьці ганарыцца сотнямі сяброў у “Аднакласніках”, а я ганаруся дзвюма сяброўкамі… але сапраўднымі: Насцяй, з якой мы з дзяцінства сябруем, і маім анёлам-ахоўнікам Юляй. З ёй мы пазнаёміліся параўнальна нядаўна і пры вельмі сумных акалічнасцях: у Адэсе, на моры, дзе ў мяне ўкралі дакументы і грошы. Гэты чалавек дапамог мне аднавіць дакументы і вярнуцца дадому. Пазней я была ў яе сведкай на вяселлі. Дзякуй, сяброўкі!

Галіна:
— Кампанія прыяцеляў у мяне вялізная, але сапраўдная сяброўка адна — мая Зіначка. Разам раслі, заўсёды адзін аднаму дапамагалі. Цяпер яна жыве ў Брэсце, бачымся рэдка, маем зносіны толькі праз сацыяльныя сеткі… Але неяк я патрапіла ў абласную бальніцу, і мне тэрмінова спатрэбіліся лекі, а прывезці не было каму. Тэлефаную Зіне, а яна адказвае: “Ты не паверыш, я зараз стаю насупраць аптэкі”. Ці гэта не цуд?!

Вольга:
— Я прыхільніца тэорыі, што стары сябар лепш за двух новых. Людзі, з якімі ты знаёмы з дзяцінства, — гэта і ёсць сапраўдныя сябры: шчырыя, сумленныя,
наіўныя і непасрэдныя. Разам гадаваліся, пазнавалі агульначалавечыя каштоўнасці. Няхай вы даўно не бачыліся і ўжо забылі, калі адзін аднаму пісалі лісты. Але ты ведаеш, што недзе там, далёка, ёсць людзі, якім ты дарагі. Гэта яны кінуць усё і дапамогуць.

Валера:
— Так здарылася, што на маіх плячах шмат адказнасці: за сябе, сям’ю, за царкву. Бывае так цяжка, што рукі апускаюцца і хочацца здацца. Але зрабіць гэта не дазваляюць вера ў Бога і мая дарагая жонка Ліда. Яна для мяне і ёсць самы галоўны сябар.

Думкамі цікавілася Алеся Смайлік,
фота Кацярыны Масік