Пятница, 18 июня 2021

Актуальнае інтэрв‘ю з галоўным ляснічым Пружанскага лясгаса Дзмітрыем Козелам

376

У адпаведнасці з Лясным кодэксам, на большасці тэрыторыі раёна праводзіць лесагаспадарчыя мерапрыемствы, узгодненыя лесаўпарадкавальным праектам, можа толькі Пружанскі лясгас. Менавіта гэтым праектам, які праходзіць экспертызу і з’яўляецца асноўным дакументам для вядзення лясной гаспадаркі, і прадугледжаны віды высечак, якія ў работнікаў лясной гаспадаркі з’яўляюцца планавымі, а значыць, абавязковымі для правядзення.

— Захаванне і разумнае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі — вось галоўныя задачы лесаводаў. Таму кожная высечка мае сваю мэту і накіравана на выкананне пэўных задач, — гаворыць галоўны ляснічы Пружанскага лясгаса Дзмітрый Козел.

— Чым могуць адрознівацца высечкі адна ад другой?
— Напрыклад, высечкі догляду за лясамі праводзяцца з мэтай фарміравання высокапрадукцыйных лясных насаджэнняў, прадухілення страт драўніны. Асноўнымі мэтамі такіх высечак з’яўляецца павышэнне якасці, біялагічнай устойлівасці і разнастайнасці лясоў, захаванне і ўзмацненне ахоўных, водаахоўных, санітарна-гігіенічных і іншых карысных уласцівасцяў лесу, прадухіленне назапашвання ў лесе сухастойных дрэў і іншай пашкоджанай драўніны.
Высечкі галоўнага карыстання праводзяцца ў спелых і перастойных дрэвастоях. Іх задача — нарыхтоўка драўніны і забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў і ўзнаўлення лясоў.

— Але ж апошнім часам усё часцей людзі пішуць у інтэрнэце паведамленні аб «беспрэцэдэнтных высечках лесу»…
— На жаль, у папярэднія гады неспрыяльныя прыродныя фактары паўплывалі на масавае распаўсюджванне ствалавых шкоднікаў у хвойных насаджэннях. У мэтах барацьбы з імі праводзіўся шэраг санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, у тым ліку і суцэльныя санітарныя сячэнні. Але, нягледзячы на гэта, лясгас з поўнай упэўненасцю сцвярджае: ніякіх дадатковых масавых высечак лесу на фоне павышанага попыту і падаражання драўніны не вядзецца.

— Значыць, падстаў для хвалявання няма?
— Абсалютна ніякіх. На ўчастках ляснога фонду, дзе былі праведзены суцэльныя сячэнні, на працягу трох гадоў праводзяцца лесааднаўленчыя работы. Увогуле пры вядзенні гаспадарчай дзейнасці наш лясгас кіруецца палітыкай невычэрпнага лесакарыстання і мае сертыфікаты на адпаведнасць патрабаванням стандартаў PEFC і FSC па ўстойлівым лесакіраванні і лесакарыстанні.
Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у днях адчыненых дзвярэй, пры правядзенні якіх можна задаць любыя пытанні, якія тычацца вядзення лясной гаспадаркі. Графік правядзення гэтых дзён можна знайсці на афіцыйным сайце Пружанскага лясгаса.

Гутарыла Марына Вакульская