Воскресенье, 20 июня 2021

Пружанцы на «Белагра-2021»: ёсць пераможцы!

922

Беларускі аграпрамысловы тыдзень «Белагра-2021» прайшоў на мінулым тыдні. На пляцоўцы індустрыяльнага парка «Вялікі камень» разгарнуліся шматлікія павільёны. У іх былі прадстаўлены найноўшыя ўзоры тэхнікі. Таксама сваю прадукцыю выставілі сотні вытворцаў.

Сярод іх – ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама, з мэтай абмену вопытам на «Белагра-2021» пабывалі прадстаўнікі практычна ўсіх сельгасарганізацый раёна і самога ўпраўлення.

Галоўны інжынер ААТ «Ружаны-Агра» С.А.Роўгач адзначыў, што работнікі таварыства вялікую ўвагу надалі экспазіцыі з сельгастэхнікай. «Вельмі спадабаліся кормаўборачныя камбайны, тэхніка фірмы «Белрасаграсэрвіс», трактары «Растсельмашу». Безумоўна, на выставе такога ўзроўню была прадстаўлена самая перадавая тэхніка. Але і наша таварыства стараецца не адставаць. Так у хуткім часе плануем набыць абкручвальнік валка», — расказаў Святаслаў Андрэевіч.

Праграма Беларускага аграпрамысловага тыдня ўключала шматлікія конкурсы – «Чэмпіён густу», «Лепшая племянная карова малочнай пароды», «Лепшы араты».

Апошні прынёс узнагароду навучэнцу каледжа Ільі Ліцкевічу. Хлопец, які вучыцца на 3 курсе па спецыяльнасці «Тэхнічнае абслугоўванне працэсаў сельгасвытворчасці», вярнуўся з дыпломам трэцяй ступені.

Конкурсныя выпрабаванні праходзілі на базе дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Яны ўключалі тры этапы. З першым, тэарэтычным, Ілья справіўся на выдатна і набраў максімальную колькасць балаў. Даволі складаным стаў конкурс пад назвай «Трактар-шоу».
Удзельнікам неабходна было паказаць майстэрства фігурнага ваджэння жалезнага каня. Ключавым выпрабаваннем стала ўзворванне ўчастка поля.

Пераможца ўпэўнены: конкурс – добрая магчымасць праверыць свае веды і прафесійнае майстэрства. Займаўся з хлопцам і рыхтаваў яго майстар вытворчага навучання А.В.Ніканчук.

За плячыма ў Аляксандра Васільевіча – не адзін форум «Белагра». Дарэчы, удзельнічаў у конкурсе «Лепшы араты» і сам, займаў другія і трэція месцы сярод механізатараў-прафесіяналаў.
Свайго падапечнага хваліць: сярэдні бал Ільі – 9,3. Зараз хлопец на практыцы ў ААТ «Жураўлінае». Неўзабаве паедзе туды і Аляксандр Васільевіч. Разам з навучэнцам ён плануе ўдзельнічаць ва ўборачнай кампаніі і, канечне, быць у ліку перадавікоў.

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота)