Пятница, 17 сентября 2021

Музычныя хвілінкі пачакаюць да восені: Пружанская ДШМ развіталася з выпускнікамі

807

— Колькі сонца! Зеляніна наўкол! Нарэшце лета прыйшло да нас у дом! — вядучыя ўрачыстай імпрэзы “Апошні званок” шчыра віталі ўсіх, хто сабраўся на плошчы перад парадным уваходам у Пружанскую ДШМ імя Р.Р.Шырмы. Урокі, канцэрты, залікі — усё засталося ў мінулым. Настаў час віншаваць лепшых выхаванцаў галоўнай музычнай установы раёна.

Распачалася лінейка цудоўным музычным выступленнем “зорнага” баяніста ДШМ Паўла Залогі, імя якога ўжо ўвайшло ў “залаты фонд” установы.

Потым узяла слова дырэктар школы мастацтваў В.М.Крылова, якая падзякавала калегам за прафесіяналізм, вучням — за адданую і плённую працу, бацькам — за разуменне і падтрымку на працягу многіх гадоў вучобы. Далей кіраўнік распавяла пра насычанае канцэртнае жыццё школы і, вядома, адзначыла граматамі і дыпломамі лепшых юных музыкантаў, мастакоў і танцораў.
Сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла некаторыя карэктывы ў навучальны працэс, тым не менш, вучэбны год быў цікавы канцэртамі, агульнашкольнымі мерапрыемствамі, творчымі сустрэчамі і конкурсамі. Аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у 40 конкурсах і фестывалях, 19 з якіх міжнародныя, 9 рэспубліканскія і 7 абласныя. Школа адзначана больш чым 125 дыпломамі розных ступеняў, адмысловымі прызамі і сертыфікатамі ўдзельнікаў.

Адметна і тое, што дзіцячы аркестр “Скамарошына” пад кіраўніцтвам Людмілы Кавалевіч і ансамбль народных інструментаў “Пружанскі палацык” пад кіраўніцтвам Святланы Бартноўскай пацвердзілі званні “ўзорны” і “народны”.
— Усе вы, — звярталася да вучняў дырэктар, — працавалі на “ўра”! Таму і адпачываць летам павінны ад душы! Але не забывайце, што вельмі важна за гэты час не разгубіць багаж ведаў. Няхай у вашай памяці ўсё ж такі застануцца нашы музычныя хвілінкі і іншыя самыя цёплыя ўспаміны пра школу. Веданне культуры і любоў да мастацтва дапамогуць вам, дарагія, стаць сапраўды ўсебакова развітымі асобамі!

Больш фотаздымкаў — на нашых старонках у сацыяльных сетках Укантакце і Аднакласнікі.

Фота Кацярыны Масік