Пятница, 18 июня 2021

Да Пружаншчыны дайшоў папулярны экалагічны рух. Да яго ўжо далучыліся вучні Мокраўскай школы.

815

Плогінг — папулярны на сённяшні дзень экалагічны рух, пры якім бег трушком спалучаецца са зборам смецця, — дайшоў і да Пружаншчыны. Да яго ўжо далучыліся вучні Мокраўскай школы.

— Пра плогінг мы даведаліся ў кастрычніку мінулага года, — расказвае намеснік дырэктара навучальнай установы Таццяна Асіпчук, — калі на школьную электронную пошту прыйшло запрашэнне далучыцца да гэтага руху. Тады я ўпершыню пачула гэтае слова і, натуральна, вырашыла ўвесці адпаведны запыт у інтэрнэце.

Даведаўшыся, што ж такое плогінг, Таццяна Віктараўна, як настаўніца геаграфіі, якую цікавіць усё, што тычыцца экалогіі, не змагла праігнараваць ініцыятыву. Тым больш, што з верасня мінулага года Мокраўская школа працуе над тым, каб атрымаць статус «Зялёная школа». Удзел у акцыі — як адзін са шматлікіх крокаў да пастаўленай мэты.

У сацыяльных сетках школьнікі расказалі пра свой занятак, і арганізатары руху ў Беларусі заўважылі іх і запрасілі прыняць удзел у Брэсцкім плогінг-туры, які праходзіў 22 мая. Паколькі геалакацыяй стаў лясны масіў, адной з умоў было тое, што ўдзельнікамі павінны быць не толькі дзеці, але і іх бацькі. У выніку лесапаласу ў раёне абласной бальніцы ў ліку іншых удзельнікаў прыбірала 11 дзяцей і 5 дарослых з Мокрага.

— Дыстанцыя складала каля трох кіламетраў. Я, як і большасць тых, хто сабраўся ў Брэсце, — не спартсменка. Але бег праходзіў у вельмі камфортным рытме, — дзеліцца ўражаннямі настаўніца. — Было сабрана вельмі шмат смецця: 152 кілаграмы — гэта больш як 2000 літраў.

— Уражанне пакінула сама арганізацыя мерапрыемства: абавязкова апрацоўка ад кляшчоў, каб ніхто не згубіўся, кожны быў забяспечаны яркім рукзачком, праз кожныя 800–1000 метраў — перапынак на сартаванне «ўлову» (у гэтым плане нават я атрымала шмат новай інфармацыі). Для нас гэта быў вельмі карысны вопыт. Галоўнае — цяпер мы ведаем, як гэта рабіць правільна.

Пасля гэтага у Мокрым за такую ініцыятыву ўзяліся яшчэ з большымі энтузіязмам і імкненнем надаць руху на мясцовым узроўні грамадскі рэзананс. Жаданне стаць плогерамі выказваюць цяпер не толькі школьнікі, але і дарослыя жыхары вёскі. І калі першапачаткова геалакацыі для мясцовых плогераў шукала настаўніца, то цяпер дзеці самі звяртаюць увагу і падказваюць ёй, дзе было б някепска прабегчыся.

Тым часам, настаўніца працуе над арганізацыяй экалагічнай змены ў аздараўленчым лагеры ў Рудніках, у рамках якой будуць праводзіцца плогінг-туры: магчыма, пасля яе прыхільнікаў у экалагічнага руху на Пружаншчыне стане яшчэ больш.

Даведка «РБ»
У 2016 годзе шведскі эколаг Эрык Альстрам перабраўся з маленькага гарадка ў Стакгольм і, звярнуўшы ўвагу на тое, як моцна забруджаны вуліцы шведскай сталіцы, ініцыіраваў рух. Шведскае слова «plocka», якое азначае падымаць, і англійскае «jogging», якое перакладаецца як бег, аб’ядналіся ў адно слова «плогінг» і ўпісаліся ў міжнародны лексікон як новы від экалагічнага спорту. Сёння плогінг развіты больш як у паўсотні краін свету. Рух дайшоў і да беларускай сталіцы. Першыя забегі са зборам смецця прайшлі ў Мінску каля двух гадоў таму, а сёлета актывісты арганізавалі першыя плогінг-туры і ў абласных цэнтрах.

Марына Вакульская, фота Кацярыны Масік