Суббота, 18 сентября 2021

Прадпрыемству «Белавежхімпрам» — 5 гадоў! Пра станоўчыя вынікі і планы таварыства расказвае яго кіраўнік А.М.Козел

815

Пяць год мінула з таго часу, як свае першыя крокі зрабіла створанае на тэрыторыі былой вайсковай часці ў в.Новыя Засімавічы таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белавежхімпрам». Як зазначае кіраўнік і адзін з заснавальнікаў вытворчасці А.М. Козел, многае з таго, што планавалі ў самым пачатку дзейнасці, удалося рэалізаваць.

Удалыя першыя крокі
Як сцвярджаюць дасведчаныя людзі, для маладога прадпрыемства ўжо дасягненне, калі ў першую пяцігодку свайго існавання яно не закрылася. Нядрэнна, калі арганізацыя не страціла першых пазіцый, не гаворачы пра далейшы рост. Нямногім, хто ўзяў правільны старт і абраў патрэбны накірунак дзейнасці, удаецца дасягнуць росту па эканамічных паказчыках. Да такіх суб’ектаў гаспадарання можна смела адносіць ТАА «Белавежхімпрам».

Дырэктар ТАА «Белавежхімпрам» А.М. Козел поўнасцю давярае айчынным навукоўцам.

— Па-першае, нам пашанцавала «нарадзіцца» ў спрыяльных геаграфічных умовах,— сцвярджае Аляксандр Мечыслававіч.— Пружаншчына вельмі зручна размешчана: побач мяжа, ёсць выдатныя транспартныя зносіны. Для нашай вытворчасці зручней месца не знайсці — з інфраструктурай і далёка ад жылля. Нельга не ўзгадаць і пэўную падтрымку раённых і абласных улад падчас афармлення рэалізацыі экспартанакіраванага інвестыцыйнага праекта.
Вынікі першай пяцігодкі новай кампаніі можна палічыць уражваючымі. Па ліцэнзіі РУП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь прадпрыемства выпускае больш за 20 марак вадкіх мікраўгнаенняў.

Таксама за мінулы перыяд уласная служба на чале з інжынерам-тэхнолагам І.П.Ярмашуком распрацавала чатыры віды адпаведнай прадукцыі з правядзеннем лабараторных даследаванняў і атрыманнем сертыфікатаў адпаведнасці.

Выдатная тэхналагічная база, у якую і былі ўкладзены асноўныя намаганні, у тым ліку і фінансавыя, дазваляе выпускаць высокатэхналагічную і разнастайную прадукцыю. Рэактары айчыннай распрацоўкі пад кіраўніцтвам камп’ютарных сістэм падтрымліваюць неабходную тэмпературу, а спецыяльныя лініі сочаць за дазіраваннем у працэнтных долях.

Не толькі выпусціць, але і рэалізаваць
— Сёння вытворчае абсталяванне загружана толькі на трэць, у асноўным пастаўкі вядуцца для беларускага рынку. Трэцяя частка выпушчаных мікраўгнаенняў пастаўляецца ў Расію,— расказвае А.М.Козел.— Відавочна, што такія аб’ёмы для нас не мяжа, і мы можам утрая павялічыць пастаўкі. І прынцыпова менавіта на экспарт, бо ў межах Беларусі мы асвоілі ўсе перспектывы.

Пэўная зацікаўленасць з боку расійскіх пакупнікоў ёсць. Добрыя рэкамендацыі пружанскае ТАА «Белавежхімпрам» ужо атрымала ад міністра сельскай гаспадаркі РФ Дзмітрыя Патрушава, задавальненне выказаў таксама і былы сельгасміністр, а цяпер кіраўнік самага буйнога расійскага «Аграхолдынга» Аляксандр Ткачоў.

Увогуле прадукцыя таварыства вядома аграрыям цэнтральнага Чарназем’я, Краснадарскага краю, Алтая, Казахстана. Толькі перспектывы для пашырэння ахопу застаюцца больш унушальнымі. Таму на прадпрыемстве спадзяюцца, што бягучы год пры паляпшэнні эпідэміялагічнай абстаноўкі дазволіць унесці станоўчыя змены.

У раённым эканамічным рэйтынгу ТАА «Белавежхімпрам» таксама займае не апошні радок. З’яўляючыся прадпрыемствам, якое стварае працоўныя месцы заробкамі вышэй сярэдняга ўзроўню, таварыства істотна папаўняе бюджэт падатковымі адлічэннямі.

Адгрузку гатовай прадукцыі выконвае аператар пагрузчыка А.М. Раманюк.

Новыя планы
За пяць мінулых гадоў выявілася і адна даволі непрыемная акалічнасць. Справа ў тым, што мікраўгнаенні — тавар сезонны, патрэба ў якім узнікае толькі ранняй вясной і позняй восенню. Працаваць «на склад» пры захаванні ўстаноўленага тэрміну годнасці сэнсу няма. З-за гэтага даводзіцца перыядычна спыняць вытворчасць.

— Над вырашэннем праблемнай сітуацыі мы працавалі не адзін год, і фіналам стала распрацоўка тэхналогіі па вырабе кармавых дабавак,— дзеліцца новымі дасягненнямі Аляксандр Мечыслававіч.— Дапамаглі кантакты з польскімі калегамі, якія падзяліліся тэхналогіяй вырабу прэбіётыкаў.

Калі на прадпрыемстве дасканала вывучылі нюансы вытворчасці новай прадукцыі, то ў склад апошняй былі ўнесены некаторыя змяненні, што дало магчымасць зарэгістраваць новы прадукт прэбіётыка з адсарбентам «Гепатавітал». Але для гэтага патрэбны першапачатковыя даследаванні, за якія ўзяліся інстытут мяса-малочнай прамысловасці і РУП «Цэнтральная навукова-доследная лабараторыя». Эксперыменты праводзяцца ў гаспадарках Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, якія вылучаюцца выдатна наладжанай работай зааветслужбаў.

Першы дослед праводзіўся на Аранчыцкай птушкафабрыцы, дзе праз некаторы час на эксперыментальным птушніку назіралася павелічэнне яйканоскасці, палепшыўся стан птушкі. Наступным звяном стаў жывёлагадоўчы комплекс ААТ «Жураўлінае», дзе ёсць магчымасць наладзіць выпуск прэбіётыка разам з камбікормам. Там адзначылі лепшае спажыванне кармоў жывёлай, ёсць першыя станоўчыя вынікі па прывагах.

Таксама даследуецца «стаўленне» да новай кармавой дабаўкі і ў свіней, для чаго пробныя пастаўкі вядуцца ў адну з гаспадарак Гродзенскай вобласці. Там ужо вядзецца канкурэнтная барацьба, бо на комплексе раней традыцыйна выкарыстоўваліся пастаўляемыя з Францыі і Карэі складаемыя.

Адразу спецыялісты заўважылі, што беларуская прадукцыя пры больш высокіх магчымасцях істотна танней і набываецца не за валюту. За мінулыя тры месяцы адзначыліся і іншыя перавагі, у тым ліку і павелічэнне патомства.
— Пасля атрымання належных вынікаў можна весці размову і пра сертыфікацыю,— зазначае дырэктар таварыства.— Да канца года будзем наладжваць уласную вытворчасць, для чаго плануем пабудаваць новы цэх, павялічыць колькасць работнікаў да 30 чалавек. Адпаведна павялічацца падатковыя адлічэнні і экспартная выручка.

Варта адзначыць, што паралельна праводзяцца адпаведныя даследаванні і на тэрыторыі Расіі, адкуль ужо атрымалі першыя запыты на пастаўку новай прадукцыі.

Упэўненасці ў далейшых перспектывах надае і зладжанасць калектыву прадпрыемства. Магчымасці для прафесійнай самарэалізацыі, годныя заробкі ўжо прыцягваюць сюды людзей з іншых рэгіёнаў вобласці. У выніку разам падабраліся высокакваліфікаваныя спецыялісты з сур’ёзнымі імкненнямі і стаўленнем да задач таварыства. Гэта дае магчымасць кіраўніцтву прадпрыемства будаваць глабальныя планы на наступную пяцігодку. Застаецца толькі пажадаць поспехаў у здзяйсненні ўсіх задумак.

Алег СІДАРЭНКА, Кацярына МАСІК (фота)