Пятница, 18 июня 2021

6 чэрвеня — Дзень меліяратара. Віншуем работнікаў Пружанскага ПМС са святам!

648

Калі падсумоўваць той уклад, што зрабілі пружанскія меліяратары ў развіццё нашага рэгіёна, то агульны вынік уразіць нават самага прынцыповага крытыка. Пры гэтым калектыў УП «Пружанскае ПМС» спрыяе не толькі развіццю эканомікі, але і сацыяльных сувязей, падтрымлівае транспартныя зносіны і дапамагае пашырэнню турыстычнай прыцягальнасці Пружаншчыны. І гэта яскрава бачна на рэальных прыкладах.

Сёлета работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм працуюць адразу па некалькіх накірунках. Па-першае, арганізацыя выйграла тэндар на ўладкаванне водазабеспячэння, ліўневай і бытавой каналізацыі ў раёне новай забудовы па вуліцы 8 Сакавіка, дзе хутка з’явіцца яшчэ адзін гарадскі мікрараён з васьмі шматпавярховых дамоў.

Як расказвае галоўны інжынер В.І.Ждановіч, па ўмовах прадпрыемства павінна закончыць аб’ект да сярэдзіны восені. А гэта больш за 600 метраў водаправодных і амаль кіламетр каналізацыйных сетак. І з большым аб’ёмам работ ужо справіліся.

На здымку: з дапамогай экскаватара, якім кіруе машыніст
Ю.К. Солад, работы па вуліцы 8 Сакавіка ідуць намнога хутчэй.

Праца тэхнікі і спецыялістаў, якія ёй кіруюць, не сціхае ўвесь дзень. Дзякуючы гэтаму, ужо бачна перспектыва датэрміновай здачы аб’екта ў эксплуатацыю.
— Аднак гэтае заданне не адзінае на бягучы год,— зазначае Віталь Іванавіч.— Увесь сёлетні спіс уключае дзясяткі аб’ектаў рознага аб’ёму. Напрыклад, адзін з самых вялікіх — рэканструкцыя больш чым паўтысячы гектараў для ААТ «Жураўлінае». Уключае яна добраўпарадкаванне тэрыторыі, дарог, узвядзенне неабходных збудаванняў і многае іншае. Таму, хутчэй за ўсё, выкананне задач пяройдзе і на наступны год.

Пружанскім меліяратарам па сілах аператыўна закончыць рамонт меліярацыйных сістэм вярхоўя Ясельды для ААТ «Агра-Калядзічы» і ўчастка «Белавусаўшчына» ААТ «Жураўлінае». Часткова гэта работа выканана для земляў ААТ «Айчына» ў раёне в.Задвараны.

Зроблены новы шлях з рамонтам збудаванняў і каналаў у раёне в.Чахец для ААТ «Шані-аграпрадукт».
Падобныя вынікі сталі магчымы, дзякуючы таму, што на прадпрыемстве ніколі не чакаюць спрыяльнага надвор’я, нават узімку вядуцца адпаведныя работы. А яшчэ тут надаецца вялікая ўвага тэхнічнаму забеспячэнню ўласнага машыннага парка.

Як расказвае галоўны інжынер ПМС, летась набылі новы экскаватар Hyundai 220LC-95, на сёлета запланавана набыццё «напарнікаў» для яго — амкадораўскі «ЭО-3223» разам з грузавым 20-тонным «МАЗам». Усё гэта патрэбна прадпрыемству, каб і надалей прыносіць карысць людзям.

Алег СІДАРЭНКА, Кацярына МАСІК (фота)