Суббота, 5 декабря 2020

В парке прошел пленэр юных художников

1 643

Толькі жывапіс, які ствараецца на прыродзе, можа найлепш перадаць натуральную прыгажосць. У гэтым прафесіяналы пэндзля пераканаліся яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя, але найбольш поўнае ўвасабленне прынцыпы гэтай тэхнікі выяўленчага мастацтва знайшлі ў другой яго палове. Менавіта тады тэрмін «пленэр» пачаў ужывацца шырэй. У наш час пленэр — адзін з асноўных элементаў мастацкага навучання. Юныя мастакі Пружаншчыны, прыхапіўшы з сабой паперу, алоўкі, пэндзлі і мальберты,  таксама выйшлі на прыроду…

У пленэры прымалі ўдзел каля паўсотні вучняў школ мастацтваў раёна. Творчае мерапрыемства праходзіла на тэрыторыі Пружанскага палацыка, які, дарэчы, паводле умоў конкурснай часткі, быў абраны і цэнтральнай тэмай работ удзельнікаў.

«Ідэя правесці пленэр з’явілася даўно, але толькі цяпер нам удалося ажыццявіць задуманае, — гаворыць дырэктар Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Шырмы Л.М.Філімовіч. — Аддзяленне выяўленчага мастацтва працуе не толькі ў Пружанах, але і ў Шарашове. Мы вельмі спадзяемся, што гэта мерапрыемства стане традыцыйным, выйдзе за межы Пружаншчыныі і ўдзел у ім будуць прымаць таксама госці з суседніх раёнаў».

Між іншым, увагу юных мастакоў невыпадкова звярнулі на музей-сядзібу: арганізатары пленэра зрабілі крокі на шляху захавання і падтрымкі гістарычнай памяці, выхавання беражлівых адносін да гістарычных мясцін нашага краю.

Хлопцам і дзяўчатам удалося не толькі папрактыкавацца ў майстэрстве, але і пашырыць свой кругагляд, паколькі падчас азнаямляльнай экскурсіі па залах палацыка юныя мастакі даведаліся і пра мінулае будынка, яго гаспадароў Швыкоўскіх. Многім гэтыя звесткі дапамаглі вызначыцца з вобразамі, з дапамогай якіх, паводле ўмоў пленэра, яны павінны былі адлюстраваць гістарычныя моманты, звязаныя з музеем-сядзібай і яго былымі жыхарамі. У выніку нехта размясціўся на тэрасе музея, а хтосьці маляваў знешні выгляд палацыка, аднаўляючы падзеі мінулых гадоў, наколькі дазваляла фантазія. Пленэрны малюнак мастакі выконвалі ў розных графічных тэхніках. А паколькі затым работы ацэньваліся журы, вызначыцца толькі з тэматыкай было недастаткова: улічваліся яшчэ арыгінальнасць і якасць выканання. Больш як паўдня спатрэбілася ўдзельнікам, для завяршэння работы.

Каб падвесці вынікі і вызначыць лепшыя малюнкі, журы спатрэбіўся тыдзень. «Шчыра кажучы, ніхто не чакаў, што атрымаюцца работы такога высокага ўзроўню, — прызнаўся дырэктар музея-сядзібы Юрый Зялевіч. — Асабліва тыя, на якіх зроблены спробы мастацкай рэканструкцыі падзей таго часу, калі тут віравала свецкае жыццё».

Не шмат было работ у намінацыі «Пейзажы парку», паколькі на дварэ стаяла дажджлівае надвор’е. Але Ангеліне Строк і Анастасіі Рыжовай гэта не перашкодзіла напісаць маляўнічыя карціны, якія выгадна вылучаліся сярод астатніх работ. Найлепш увасобіць гістарычнае мінулае музея-сядзібы на паперы ўдалося Міхаілу Валкавыцкаму, Яне Строк, Дар’і Казарэз, Анастасіі Пракопчык і Ганне Казак. А ў намінацыі «Помнікі архітэктуры парку» самымі цікавымі і арыгінальнымі былі прызнаны работы Мікіты Навумчыка, Лаліты Шыш і Аксаны Старун. Усяго больш 20 чалавек атрымалі граматы і памятныя падарункі ад музея-сядзібы «Пружанскі палацык».

Нягледзячы на прыроду, якая аказалася не зусім добразычлівай да юных мастакоў, пленэр усё-такі атрымаўся. Той, хто хоча ў гэтым пераканацца на свае вочы, можа наведаць палацык: у бліжэйшы час там адкрыецца выстава работ удзельнікаў першага раённага пленэра вучняў школ мастацтваў.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,               Аляксандр Мелеш (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *