Пятница, 18 июня 2021

Сімвалы спрадвечнасці лесніка Барыса Васільевіча Габца

587

Як аказалася, неверагодную прывабнасць Манцоў заўважылі не толькі вандроўнікі з “раёнкі”. У свой час амаль апусцелая вёска запала ў сэрца і лесніка з Шарашоўскага лясніцтва Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Барыса Васільевіча Габца. Некалькі гадоў таму мужчына купiў тут хату і, што вельмі паказальна, усталяваў на ўездзе-­выездзе з вёскі, акурат насупраць уласнага дома, вялікія прыдарожныя крыжы. Так бы мовіць, пазначыў: вёска з Божай дапамогай жыве і будзе жыць.

— А сам я родам з г.п.Шарашэва, але ў дзяцінстве вельмі часта на веласіпедзе ездзіў міма Манцоў да бацькі, які большую частку жыцця працаваў у нашым лясніцтве і адказваў за ўгоддзі, якія знаходзіліся якраз за вёскай. Тут мне кожная лясная сцяжынка знаёмая, кожнае дрэўца. З сябрамі летам тут грыбы і ягады збіралі… Таму і вырашыў купіць дом… Цяпер, гляджу, за мной і дачнікі пацягнуліся. А нядаўна нават жыхар Брэста купіў тут старую хату і таксама плануе добраўпарадкаваць сядзібу, — кажа Барыс Габец.
Сёння ён з сям’ёй, можна сказаць, жыве на два дамы — то ў Пружанах, то ў Манцах — і разгарнуў на сваім вясковым участку гаспадарчую дзейнасць. Працы на вялікай прысядзібнай гаспадарцы хапае. Разам з жонкай пабудавалі дачны домік, збіраюцца акультурыць стары хлеў, развялі вінаград, пасадзілі сад.
— Двое нашых дзяцей прыязджаюць у вёску і, як сапраўдныя вясковыя жыхары, яблыкі смела рвуць прама з галінак. Менавіта тут, у Манцах, акружаных лясамі, найлепшым чынам, лічу, і ўмацоўваецца іх імунітэт. Наш старэйшы Іван наогул да шасці гадоў у вёсцы жыў, а ў Шарашэве ў дзіцячы сад хадзіў. Малодшая Настачка таксама прызвычайваецца да вясковага побыту. На выхадныя ўсе разам у Манцы прыязджаем і тут адпачываем. А яшчэ суседак — цётку Вольгу і цётку Валю — забаўляем, — усміхаецца Барыс Васільевіч і вядзе яшчэ да прыдарожнага крыжа, які знаходзіцца якраз насупраць дома.

Па ініцыятыве лесніка і па блаславенні шарашэўскага святара протаіерэя Мікалая Пашкевіча крыжы ў Манцах былі ўсталяваны два гады таму. Дапамаглі іх вырабіць і ўсталяваць пружанцы Міхаіл Міхайлавіч Януш і Мікалай Мікалаевіч Сушчык.
— З такімі сiмваламі спрадвечнасцi, веры, надзеі нават тры жыхары выглядаюць, як вой­ска. Няхай радуюцца нашы бабулі: Манцы жывуць!

Алена Зялевіч, фота Кацярына Масік