Пятница, 17 сентября 2021

Рэцэпты маладосці ад цёткі Вольгі з в. Манцы

575

Маленькая вёсачка Манцы, што застаецца на карце толькі дзякуючы тром жыхарам, мае нейкую асаблівую энергетыку. Я пабывала тут аднойчы, але, прызнацца, улюбілася назаўжды, нібы ў роднае мястэчка. Тут, здаецца, і дрэвы самыя высокія, і паветра самае гаючае, і цішыня адмысловая. І пажылыя людзі самыя… маладыя. І гэта не іронія.

— Што за цудоўны эліксір маладосці Вы прымаеце? — з парога пытаю ў жыхаркі вёскі Вольгі Максiмаўны Грыцук, якой, калі верыць пашпарту, сёлета спаўняецца ўжо 87 гадоў.
А тая з нейкай вясёлай іскрынкай у вачах моўчкі падыходзіць да крэсла і пачынае рабіць узмахі нагамі.
— Раз, два! Раз, два! Раз, два! Пастаянны рух — галоўны сакрэт: і калені не баляць, і спіна гнецца, і весела жывецца, — смяецца Вольга Максімаўна, а я ў гэты час углядаюся ў яе жылістыя, пакручаныя цяжкай працай рукі.

Нібы ў доказ маім думкам жанчына дастае з шуфляды маленькую скрыначку, а там чырвоная ордэнская кніжачка і галоўны скарб — “Знак Пашаны” за ўсе яе старанні…

Сама жанчына родам з суседняй вёскі Пацынічы. Гадавалася ў вялікай сям’і: акрамя яе, у бацькоў было яшчэ чатыры дзяўчынкі і адзін хлопчык. Усе разам працавалі з раніцы да вечара.
— Няспынная праца — гэта яшчэ адзін сакрэт даўгалецця. Я з 14-ці гадоў ужо ў калгасе працавала. Так спраўна сціртавала, што сам старшыня здзіўляўся: як, маўляў, ты так умееш?.. А што было рабіць?! Тату забралі ў вой­ска на чатыры гады, мы засталіся адны з маці. Так і прызвычаіліся працаваць бы дарослыя. Памятаю, ні хлеба, ні іншай ежы асабліва не было, але добра, што вайна неяк бокам абышла нашу вёску. Успамінаю толькі, як упершыню немцы на веласіпедах прыехалі, а ў нас у двары — шмат кветак. “Пахнуць, нібы дома жонка”, — сказаў адзін, і далей паехалі… Потым, праўда, даводзілася і ў лесе хавацца…
Пасля вызвалення Вольга Максімаўна дапамагала адраджаць пасёлак Шарашэва. У прыватнасці, удзельнічала ў будаўніцтве школы, насіла цэглу на другі паверх… Потым у калгасе сціртавала, цэпам малаціла збожжа, ірвала рукамі лён, а пасля яго таксама ўручную апрацоўвала.

— Колькi льну перацерла, толькі рукi памятаюць… Была звеннявой у гаспадарцы, а затым пайшла даяркай працаваць, вельмі кароў любіла, даіла іх як след, — успамінае мая суразмоўца. — Нават тады, калі першыя даільныя апараты з’явіліся, старалася рукамі дадойваць, каб мастытаў у каровак не было.
Бывала, з праверкамі наведвала начальства. Пасля маёй дойкі статка — а гэта 24 каровы! — і шклянкі малака не маглі надаіць… Потым я свінаркай працавала, цялятніцай. Дзе б ні была, імкнулася працаваць сумленна. Нават калі пайшла на пенсію, то не магла ў хаце ўседзець. Калі будавалі масты над рэчкай, то разам з іншымі хадзіла сваі забіваць… Магчыма, таму кіраўніцтва мяне, такую шуструю, і заўважыла. Не ведаю, ва ўсякім разе аднойчы запрасілі разам са старшынёй ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і… уручылі ордэн. А такія ўзнагароды, зразумела, у калгасе давалi не ўсім…
Сваё жыццёвае крэда: “Хочаш жыць доўга — працуй шмат”, — Вольга Максімаўна Грыцук перадала і дочкам Галіне і Святлане, і сваім унукам.
— А ўнукаў у мяне пяцёра. Яшчэ больш праўнукаў. Ажно 12! – хваліцца жанчына. — Самыя маленькія хутка ў другі клас пяройдуць. Усе таленавітыя і працавітыя. Я без работы жыць не магу і іх так выхоўваю. Вось нядаўна зяць мне дровы нарэзаў, а я іх ціхенька панасіла і склала, каб быў парадак.

“Больш адпачывай”, — кажуць дзеці. А я не хачу. Зраніцы ўстану і адразу зарадку раблю. Потым варушуся цэлы дзень. Выйду на двор, з суседам Барысам і сяброўкаю Валюхай павітаюся, на буслоў палюбуюся, курачак кармлю, сабачку. Днём у агародзе завіхаюся. Калі што спатрэбіцца, то сяду на веласіпед — і ў магазін злётаю ў Шарашэва. Увечары ў печы палю, а потым навіны па тэлевізары гляджу. А кожную нядзелю ў царкву спяшаюся… Я і зараз, здаецца, пайшла б на работу, але такіх “маладух” ужо не бяруць. Дачка запрашае да сябе, а мне тут так добра. Побач з домам лес пачынаецца, а там хутка — мора ягад і грыбоў. Нашы Манцы — лепшы курорт.

Алена Зялевіч, фота Кацярына Масік