Суббота, 18 сентября 2021

Майстэрства і фантазія ружанскай чараўніцы Вольгі Пятрашка

858

Кожны з нас любіць знаходзіцца сярод прыгожых і цікавых рэчаў, на якія прыемна паглядзець. Вось і наведвальнікі Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі адразу адчулі сябе больш утульна, калі карціны, вышытыя жыхаркай гарадскога пасёлка Вольгай Пятрашка, часова знайшлі тут сваё месца.

Захапленне вышыўкай у Вольгі Мікалаеўны з’явілася яшчэ падчас вучобы ў Пінскім педвучылішчы, дзе выхавальніца інтэрната перадавала юным навучэнкам майстэрства рукадзелля. Першай самастойна вышытай работай аказаўся ручнік — на ўласнае вяселле. Далей — больш. Вольга Пятрашка вышывала сурвэткі, навалачкі на падушкі. А потым «замахнулася» на карціны. Атрымалася проста цудоўна.

Спачатку ў сваіх творах яна рабіла акцэнт на выявы жывёл: конь, сабака, леў… Але калі на свет адзін за адным пачалі з’яўляцца дзеці, Вольга Мікалаеўна пачала ўпрыгожваць іх пакоі дзіцячымі кампазіцыямі.

На выставе, якая была прэзентавана наведвальнікам бібліятэкі, кожная з работ майстрыхі знайшла годнае месца. Некаторы час Вольга Мікалаеўна вышывала карціны ў стылі манахром. Але пазней зацікавілася і іншымі накірункамі, і цяпер у яе калекцыі ёсць вышыўкі бісерам. Гэта вельмі карпатлівая праца, якая займае шмат часу.

Так увазе наведвальнікаў бібліятэкі быў прадстаўлены абраз Святой Блажэннай Матроны, які жанчына зрабіла для сваёй маці. Зусім нядаўна калекцыю рукадзельніцы дапоўніла карціна з выявай анёла.
Хочацца адзначыць, што Вольга Мікалаеўна — не толькі таленавіты чалавек, але і любячая жонка і маці, клапатлівая дачка. Разам з мужам Мікалаем яны выхоўваюць трох сыноў.

У Вольгі Пятрашка яшчэ мноства творчых задум. Напрыклад, некалькі гадоў таму, рыхтуючыся да конкурсу шматдзетных сем’яў, яна пашырыла межы свайго майстэрства: з дапамогай макаронаў зрабіла кубачак са сподачкам, звычайную бутэльку пераўтварыла ў прыгожую вазу. Гэтыя вырабы таксама знайшлі месца на выставе. Таму ў тым, што ўсе ідэі майстрыхі будуць рэалізаваны, не даводзіцца сумнявацца.

Ніна Севасцьянчык,
бібліятэкар Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі