Воскресенье, 20 июня 2021

Кропку ў справе ставіць суд

1 022


Артыкул 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну нашай краіны абарону гонару і годнасці. У гэтым праве не адмаўляецца нікому. Яно даецца ўсім, хто працуе ў полі, за станком, ля школьнай дошкі або кіруе дзяржавай. Вось толькі ў жаданні даказаць сваю правату некаторыя не зважаюць на патрабаванні Асноўнага Закона. Гэта імкненне асабліва моцна праявілася пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Беларуская інтэрнэт-прастора па аб’ёме абразы, бруду і ганьбы ў дачыненні да чыноўнікаў, суддзяў, праваахоўнікаў пабіла ўсе рэкорды сусветнай віртуальнасці. Некаторыя не саромеліся выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку, у тым ліку і ў дачыненні да Кіраўніка дзяржавы. Сярод апошніх, як аказалася, былі і жыхары Пружан. Чарговы суд з гэтай нагоды адбыўся 21 мая.

Што падштурхнула?
Па словах памочніка пракурора Веранікі Манец, «жыхарка Пружан Людміла Кузняцова абвінавачвалася ў тым, што ў перыяд з 12 жніўня па 31 кастрычніка 2020 года з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі, разлічваючы на ўспрыманне іншымі грамадзянамі, наўмысна размясціла тэксты з выказваннямі, якія супярэчылі агульначалавечай маралі, утрымлівалі негатыўную ацэнку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».


Як сцвярджала Людміла, сама яна нічога не пісала, а проста капіравала (посціла) на старонцы свайго мужа ў сацыяльнай сетцы выказванні іншых людзей. Але ўжо вельмі віртуёзнай была ненарматыўная лексіка чужых выказванняў. На судзе жанчына не магла патлумачыць, што падштурхнула да падобных дзеянняў.
Суд над пружанкай ускалыхнуў «апазіцыйны» кантэнт, сям-там у чатах Людмілу абвясцілі «змагаром за светлую будучыню». Хаця падобным «рэвалюцыянерам» спачатку трэба было б спытаць, ці жадае Людміла ўступаць у іх шэрагі. Хутчэй за ўсё, жанчына адмовілася б ад усялякай палітыкі: яна заблыталася з-за ўласнага стаўлення да грамадства і яго маральных правілаў. Не нейкая «рэвалюцыйная праграма» або «прынцып нязгоды», а канфліктныя адносіны з навакольнымі і прывялі да заканамернага фіналу.

Беспакаранасць нараджае ўсёдазволенасць
Канстытуцыйную абарону гонару і годнасці падтрымліваюць нарматыўныя акты, у якіх дакладна апісаны механізм дасягнення справядлівасці, а таксама адказнасць парушальнікаў законнасці. Вось толькі мала хто імі карыстаецца, а хтосьці і ўвогуле не ведае. За абразу ў чарзе, у аўтобусе або на лесвічнай пляцоўцы крыўдзіцель можа панесці адказнасць у судовым парадку. Але мы моўчкі церпім або ціха плачам. Толькі ж наша талерантнасць, імкненне дараваць ганьбу падштурхоўвае нахабнікаў да аналагічных паводзін адносна іншых. І нярэдка з часам іх «апетыты» або самаўпэўненасць толькі ўзрастаюць.


Так склалася і ў Людмілы: спачатку ў яе ўзнікалі непаразуменні з суседзямі з-за неверагоднага збору ў домаўладанні бадзяжных катоў і сабак. Да разбору канфліктных сітуацый прыцягваліся прадстаўнікі грамадскасці, якім зноў жа «не дазвалялася» выказвацца крытычна ў дачыненні да гаспадыні. Пра што дакладна могуць расказаць і ўдзельнікі розных чатаў, дзе жанчына давала ўсім вельмі эмацыянальны адпор.


Потым надышла чарга прадстаўнікоў ветэрынарных, камунальных і іншых службаў, якія спрабавалі ўшчуваць грамадзянку з мэтай нагадаць пра этыку сумеснага пражывання ў грамадстве. Калі для разбору спрэчкі былі прыцягнуты праваахоўныя органы, то і супрацоўнікі міліцыі таксама былі ўключаны ў спіс «некампетэнтных». Як расказвае ўчастковы інспектар міліцыі І.І.Носель, на вуліцы гэты адрас быў самы неспакойны, за два апошнія гады рэгулярна рэгістраваліся скаргі і прыходзілі вусныя звароты ад пакрыўджаных. Але ніякіх спроб прыйсці да кампрамісу адваротны бок не ўспрымаў: гутаркі з міліцыянерам не атрымлівалася, а прафілактычныя сустрэчы ў райаддзеле ўнутраных спраў нярэдка ігнараваліся.


Пэўна, памяркоўнасць навакольных і прывяла да таго, што жанчына паверыла ў сваю «недатыкальнасць»: маўляў, ёй можна цяпер усё. У тым ліку і абразіць Прэзідэнта.

Даведка «РБ»: Згодна з дыпламатычным пратаколам, абраза Кіраўніка дзяржавы, а таксама кіраўніка афіцыйнай дэлегацыі з’яўляецца падставай для разрыву ўсіх узаемаадносінаў, а можа прывесці і да абвяшчэння вайны. Бо народны абраннік з’яўляецца такім жа сімвалам дзяржаўнасці і суверэнітэту, як Дзяржаўныя гімн, герб і сцяг.

За свае ўчынкі трэба адказваць
Як сцвярджала Людміла, яна адразу выдаліла ўсе ганебныя посты, але расследаванне паказала, што жанчына падманвала суд. Гэта пацвердзіў і муж, які толькі ў снежні мінулага года заўважыў на сваёй старонцы размешчаныя жонкай негатыўныя выказванні адносна службовай дзейнасці Кіраўніка краіны. Тады ён патрабаваў усё пачысціць, але жонка паслухалася… толькі ў лютым 2021 года.
З улікам гэтага суд не прыняў да ўвагі і аргументы абвінавачванай, што яна не з’яўляецца аўтарам выказванняў. Публікацыі размяшчаліся наўмысна ў адкрытым доступе, з намерам давесці іх сэнс да кола наведвальнікаў старонкі мужа. І пры гэтым не ўсведамляць, што інфармацыю будуць бачыць многія? А для чаго тады яе было размяшчаць, тым самым памнажаючы бруд?
Жанчына таксама спрабавала пераканаць суд, што ў тых выказваннях не было ніякай абразы, але і гэтыя довады былі названы надуманымі: даросламу чалавеку сорамна сцвярджаць: «Гэта не я, гэта ўсё яны».


Абвінавачвальнік з улікам частковага прызнання віны, адсутнасці ў дзеяннях абвінавачванай абставін, якія змякчаюць адказнасць, а таксама асабовай характарыстыкі грамадзянкі, якая неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, заклікаў прызнаць жыхарку Пружан вінаватай. Немалаважным было і тое, што жанчына працяглы час нідзе не працавала, што немагчыма для адказнага грамадзяніна. З чым суд пагадзіўся і вынес абвінавачванай, згодна з ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прыгавор у выглядзе зняволення тэрмінам на адзін год у папраўчай калоніі агульнага рэжыму з пачаткам адбывання пакарання адразу пасля судовага пасяджэння.


Прыгавор яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку на працягу 10 сутак са дня яго абвяшчэння.
Вікторыя Пятроўская.