Пятница, 18 июня 2021

«VIII Тышкевіцкія чытанні» прайшлі ў Ружанах

760

Нядаўна ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «VIII Тышкевіцкія чытанні: гісторыка-культурная спадчына магнацкіх родаў Тышкевічаў і Сапегаў: культурна-антрапалагічны аспект». У ёй прынялі ўдзел даследчыкі, краязнаўцы і музейныя работнікі. Месца правядзення было выбрана невыпадкова: у сярэдзіне XVI стагоддзя род Тышкевічаў валодаў Ружанамі і пакінуў свой след у гісторыі пасёлка.

«Тышкевіцкія чытанні» – рэспубліканская навуковая канферэнцыя, прысвечаная Канстанціну Тышкевічу – этнографу, краязнаўцу, гісторыку, які жыў у Лагойску. Разам са сваім братам Юстасам у 1842 годзе ён стварыў музей, які лічыўся першым у Беларусі. Ініцыяваў стварэнне «Тышкевіцкіх чытанняў» Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, супрацоўнікі якога даўно працуюць над вывучэннем гісторыі роду.


Сёлетнюю канферэнцыю адкрывалі дырэктар музея Крысціна Глушко, прадстаўнікі адміністрацыі БДУКМ: дэкан факультэта культуралогіі і СКД Наталля Шалупенка і загадчык кафедры культуралогіі, прафесар, доктар культуралогіі Аляксандр Смолік.


На канферэнцыі былі прадстаўлены навуковыя даклады, накіраваныя на вывучэнне прадстаўнікоў родаў Тышкевічаў і Сапегаў, іх жыцця і дзейнасці, іх маёнткаў, сучаснага развіцця былых рэзідэнцый, у тым ліку і Ружанскай, а таксама матэрыяльнай спадчыне беларусаў. Разгледжаны пытанні ўплыву грамадзянска-палітычнай і навукова-творчай дзейнасці Тышкевічаў у Беларусі і замежжы, творчасці Бенедыкта Тышкевіча ў станаўленні беларускага фотамастацтва, аб першым музеі ВКЛ, асобе Беаты Тышкевіч у кінематографе, а таксама мемарыялізацыі Сапегаў, гісторыі рэзідэнцыі ў Дзярэчыне, сучаснага жыцця Ружанскай рэзідэнцыі і інш. Усяго было зачытана 17 дакладаў, два з якіх былі падрыхтаваны супрацоўнікамі музея. Па выніках канферэнцыі быў выдадзены зборнік дакладаў.


Прадстаўнікі кафедры культуралогіі, музеязнаўства і інстытута павышэння кваліфікацыі былі рады наведаць Ружаны і пазнаёміцца з музеем, палацавым комплексам і ружанскімі святынямі – касцёлам Святой Тройцы і царквой Святых апосталаў Пятра і Паўла. На памяць аб сваім візіце госці падарылі музею ўнікальны экспанат – сальніцу, якая была зроблена на Целяханскім шклозаводзе ў XIX стагоддзі. А таксама музею быў паднесены габелен ручной работы з геаметрычным малюнкам, які быў выраблены студэнтамі ўніверсітэта.


Спадзяёмся, што канферэнцыя стала выдатным пачаткам плённага супрацоўніцтва музея і ўніверсітэта.
Іна Нячай, галоўны захавальнік фондаў ДУК «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў».