Пятница, 17 сентября 2021

Пружанскія медыкі прынялі ўдзел у флэшмобе «Я вакцынаваўся, а ты?», які стартаваў у Беларусі

1 328

У мэтазгоднасці вакцынацыі, запэўніваюць пружанскія медыкі, якія дзеля правядзення флэшмоба сабраліся напрыканцы мінулага тыдня ля ўвахода ў раённую бальніцу, не варта сумнявацца.


«На сённяшні дзень гэта, бадай, самы бяспечны і эфектыўны спосаб папярэджання хвароб, а ў некаторых выпадках і выратавання жыцця. Асабліва цяпер, — гаворыць загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Пружанскай паліклінікі Жанна Ісакава. — Вакцынацыя дазваляе абараніць не толькі сябе, але і тых, хто побач. Вакцынавацца вельмі важна, калі сярод навакольных ёсць нованаро-джаныя, напрыклад, ці людзі з хранічнымі захворваннямі, якім прышчэпка супрацьпаказана».


Па стане на 20 мая на Пружаншчыне першай дозай вакцыны было прышчэплена 1910 чалавек, другую ўжо атрымала 1280 пацыентаў. Але гэтага недастаткова, каб атрымаць калектыўны імунітэт. Нескладана падлічыць, што сёння доля тых жыхароў раёна, якія вырашылі прайсці вакцынацыю, складае ўсяго 4,41%.


«Людзі расслабіліся, грэбуюць масачным рэжымам, сацыяльным дыстанцыраваннем. Як вынік, сёння назіраецца чарговы ўсплёск захворвання на каранавірусную інфекцыю. Пераканана, так адбіваецца недастатковы працэнт прышчэпленых лю-дзей. Рэзкі рост захворваемасці на COVID-19 і пнеўманію назіраўся на мінулым тыдні.

У прыватнасці, з 16 па 21 мая колькасць хворых на каранавірус вырасла больш як на 16%. А гэта 6,8% пацыентаў ад агульнай колькасці за ўвесь перыяд пандэміі, — зазначае Жанна Жанаўна. — Сёння ўсе пацыенты з адпаведным дыягназам, якім па-трэбна шпіталізацыя, прахо-дзяць лячэнне ў Брэсце. Цяжкахворыя, чый статус удакладняецца, у выпадку станоўчага пацвярджэння дыягназу адразу дастаўляюцца ў абласны цэнтр».

Медыкі запэўніваюць, што баяцца прышчэпкі ад COVID-19 не трэба. Вакцына ад гэтай інфекцыі даволі разумная — гэта адно з апошніх пакаленняў напрацовак, якое хутка працуе на абарону арганізма. Сапраўды, у рэдкіх выпадках сустракаюцца рэакцыі, якія могуць быць на любую вакцыну: кароткачасовае павышэнне тэмпературы, боль у месцы ін’екцыі, лёгкая слабасць.

У Пружанскай ЦРБ зазначаюць, што на сённяшні дзень установа не абмежавана ў колькасці вакцыны. Самымі актыўнымі ў плане вакцынацыі пакуль застаюцца медработнікі: прыкладна трэцяя іх частка ўжо зрабіла прышчэпкі.

Магчымасць абараніць сябе ад каранавіруснай інфекцыі ёсць і ў жыхароў сельскай мясцовасці: кожны тыдзень вакцына дастаўляецца ва ўсе паліклінікі і амбулаторыі раёна, ладзяцца выезды на ФАПы.

Задумацца пра прышчэпку варта было б і тым, хто збіраецца на адпачынак за мяжу. З 20 мая Пружанскай ЦРБ пачалася выдача сертыфікатаў, якія пацвярджаюць праходжанне вакцынацыі ад COVID-19. Пакуль ёсць бланкі, выдадзеныя па лініі Міністэрства аховы здароўя, атрымаць гэты дакумент можна бяс-платна. Затым сертыфікаты пачнуць выдаваць на платнай аснове. Дзейнічаць гэты дакумент будзе на працягу года з даты другой прышчэпкі.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).