Воскресенье, 20 июня 2021

Забяспечыць чыстую прастору

415

Адной з галоўных навін апошніх дзён у інфармацыйнай прасторы стала экстранная пасадка самалёта кампаніі Ryanair у Мінску.
«Самалёт прызямліўся з-за паведамлення аб мініраванні. Пілоты запыталі пасадку ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», пасадка прайшла паспяхова. Пасля пасадкі сталі працаваць сапёрныя групы, праводзіцца дагляд ручной паклажы і багажу пасажыраў», — адзначылі ў прэс-службе аэрапорта. Праз некаторы час стала вядома, што паведамленне аб мініраванні самалёта кампаніі Ryanair, які экстранна сеў у Нацыянальным аэрапорце «Мінск», не пацвердзілася.
Каманду прыняць у Мінску самалёт авіякампаніі Ryanair, у дачыненні да якога паступіла паведамленне аб мініраванні, даў асабіста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Таксама паведамляецца, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі для суправаджэння пасажырскага самалёта і забеспячэння бяспекі ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29.

Ужо вечарам борт Ryanair быў падрыхтаваны да вылету і вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» у Вільнюс. Неўзабаве пасля гэтага самалёт прызямліўся ў сталіцы Літвы.

Паведамленне аб мініраванні самалёта аказалася лжывым. У сувязі з чым Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь была распачата крымінальная справа.

Гэта, калі коратка, пераказ падзеі нядзелі. Так, падзею нельга назваць звычайнай, але ж чаму яна выклікала такі рэзананс? Справа ў тым, што на борце, як высветлілася ўжо ў Мінску, аказаўся былы рэдактар прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала «Нехта» Раман Пратасевіч, які праходзіць абвінавачаным па ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці); арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Што зразумела, ён быў затрыманы.
Мноства замежных СМІ адразу паспяшаліся абвясціць, што ў нашай краіне Рамана Пратасевіча чакае смяротнае пакаранне (названыя артыкулы КК не прадугледжваюць такога пакарання), а пасадку самалёта ў Мінску звязалі менавіта з яго знаходжаннем на борце і назвалі «спецаперацыяй».

Вось як пракаментаваў сітуацыю старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных:
— Лічу бессэнсоўнай нервовую рэакцыю заходніх палітыкаў і СМІ з нагоды пасадкі ў Мінску самалёта, у дачыненні да якога паступіла паведамленне аб мініраванні. Рашэнне пра аварыйную пасадку прымае выключна камандзір экіпажа, ён дзейнічае заўсёды згодна з інструкцыяй, зацверджанай Міжнароднай арганізацыяй па грамадзянскай авіяцыі. Упэўнены, што і ў гэтым выпадку дзеянні экіпажа былі прадыктаваны выключна выкананнем сваіх абавязкаў. Тое, што адзін з пасажыраў паветранага судна, які знаходзіцца ў крымінальным вышуку Беларусі, быў адпаведным чынам затрыманы, калі апынуўся ў зоне беларускай юрысдыкцыі, лічу супа-дзеннем. Вядома, што афіцыйныя ўлады Беларусі заўсёды дзейнічаюць строга ў рамках прававога поля, у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, якое, дарэчы, у частцы арышту і правядзення следчых дзеянняў у поўнай меры адпавядае ўсім нормам міжнароднага права.

Але гэтае натуральнае рэагаванне беларускай праваахоўнай сістэмы выклікала вельмі нервовую рэакцыю істотнай колькасці заходніх структур. Гэта зразумела: затрыманы грамадзянін мае прамое дачыненне да арганізацыі работы інфармацыйных каналаў, якія, па сутнасці, адыгрывалі ключавую ролю ў каардынацыі дзеянняў пры спробе дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў жніўні мінулага года, захопу ўлады, ажыццяўлення дзяржперавароту ў Беларусі.

Што наогул уяўляе сабой Пратасевіч? Прафесійны апазіцыянер з 2010 года. У 2011-м быў упершыню затрыманы. Адміністраваў пратэстныя групы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Працаваў у заходніх СМІ на тэрыторыі Беларусі: «Еўрарадыё», «Радыё Свабода», якія з’яўляюцца прыкрыццём для дэструктыўнай прапаганды ў постсавецкім свеце. У канцы 2019 разам з сям’ёй пераехаў у Польшчу, дзе разам са Сцяпанам Пуцілам пачаў праект «Нехта». 29 верасня 2020 года Пратасевіч публічна аб’яўляе аб сыходзе з «Нехта» на новы праект. Па чутках, партнёрства стала канфліктным з-за дзяльбы грошай і славы. Раман Дзмітрыевіч вёў телеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу», але паўтарыць поспех «Нехта» 2020 года не змог: пратэсты ў РБ сышлі.

Хтосьці, магчыма запытае, чаму важна ведаць пра гэта тут, у Пружанах? Для гэтага трэба ўзгадаць падзеі якія папярэднічалі выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і якія адбываліся пасля. Шэраг пружанцаў таксама павёўся на абяцанні і заклікі ўзгаданага тэлеграм-канала. Менавіта на гэтым канале паведамлялася месца і час правядзення несанкцыянаваных з уладамі пратэстных акцый, тут жа ім даваліся гучныя прыгожыя назвы. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што каардынацыя і мясцовых пратэстаў ажыццяўлялася праз «Нехта».

Здавалася б, папратэставалі кароткі час і супакоіліся, але многія пружанскія сем’і сапраўды пацярпелі ад таго, што даверыліся не свайму розуму, а дарадчыкам з тэлеграм-каналаў. Напрыклад, 61 жыхар Пружаншчыны быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Дзвюм асобам было вынесена папярэджанне, 24 былі пакараны адміністрацыйным арыштам, 44 выплацілі штраф на агульную суму 15187 беларускіх рублёў. Што стаіць за гэтымі лічбамі? Канфлікты ў сем’ях і на рабоце, пагаршэнне матэрыяльнага становішча, пляма на рэпутацыі.

Як сведчыць тая ж сухая статыстыка, дзевяць нашых землякоў прыцягваліся да адказнасці і паўторна, астатнія і з першага разу ўсвядомілі свае памылкі. Памылкі, якіх магло не быць, калі б не сляпы давер да невядомых з тэлеграм-каналаў. Аднак, як паказвае жыццё, і пра «невядомых» становіцца ўсё вядома. А значыць, давядзецца адказваць за свае словы і ўчынкі па законе.
Марыя Сцяпанава.