Пятница, 17 сентября 2021

Гаспадаркі раёна прыступілі да нарыхтоўкі травяных кармоў

570

Вяснова-летні сезон у аграрыяў – самы насычаны час. На мінулым тыдні гаспадаркі раёна пачалі першы ўкос траў і нарыхтоўку кармоў. Першымі ў гэтую работу ўключыліся працаўнікі ААТ «Велікасельскае Агра».

На кормаўборачным камбайне «Ягуар-870» працуе Аляксандр Уладзіміравіч Сямашка.


Рыхтуй кармы ўлетку, каб быць з малаком зімой. Калі перафразаваць знакамітую прыказку, стане зразумела, чаму гэтаму накірунку работы надаецца вялікая ўвага. У «Велікасельскім Агра» першы ўкос пачаўся 17 мая. Да назапашвання кармоў прыступілі двума днямі пазней.

Асноўныя работы зараз вядуцца на палетку каля в.Абруб. Калі карэспандэнты завіталі сюды, у працаўнікоў поля якраз быў абедзенны перапынак.

У меню на першае – суп, на другое – грэцкая каша, катлета і абавязкова салата. Прывязуць аграрыям і вячэру. Але на прыём ежы – літаральна дваццаць мінут. Расслабляцца няма калі: скасіць трэба сёлета травы на плошчы 2250 га. На 25 мая работы праведзены ўжо на 914 гектарах.

Адвозіць кармы Дзмітрый Мікалаевіч Пацяруха.


— Зараз у нас працуе тры касілкі ў Абрубе і дзве – у Зарэччы. Праз суткі-двое пускаем граблі і варашылку «KRONE». Прыбіраюць травы на камбайне «Ягуар-870», — расказвае аграном па кормавытворчасці А.І.Давідзюк.


Па словах Аляксандра Іванавіча, работы на палетках вядуцца па 12 гадзін у дзень. На адвозе травяной масы працуе восем адзінак тэхнікі.

Яе адвозяць у сховішчы ў аг.Стараволя. Маса ўтрамбоўваецца ў ямах па спецыяльных тэхналогіях і захоўваецца пад плёнкай.
Спачатку ў сельгаставарыстве прыступілі да нарыхтоўкі сенажу, якога ўжо нарыхтавалі 2478 т, або 10,3% да запланаванага. А пасля актыўных дажджоў перайшлі да сіласу (яго назапасілі пакуль 871 т, або 2,4%).

Што да тэрмінаў работ, то, як запэўніў аграном, завяршыць першы ўкос гаспадарка зможа за 20 дзён. За працоўны дзень скошваецца ў сярэднім 150 га, прыбіраецца травяная маса на плошчы ў 200 га.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).