Суббота, 18 сентября 2021

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” пачала працаваць фотавыстава фатографа і вандроўніка з г.Паставы Васіля Белякова

4 357

Гэтыя здымкі — своеасаблівая справаздача фотамастака аб яго падарожжах па Брэсцкай вобласці. Васіль Васільевіч — фотааматар, які падарожнічае па Беларусі, фатаграфуе маляўнічыя куткі нашай краіны, а затым дзеліцца сваімі ўражаннямі. Яшчэ ў юным узросце ён стаў самастойна асвойваць фатаграфію, а пазней захапленне перайшло на новы ўзровень. На актыўны лад жыцця паўплывала і вучоба на геалагічным факультэце Іркуцкага ўніверсітэта. За яго плячыма — велізарная колькасць экспедыцый, сотні фатаграфій прыроды і тысячы пройдзеных кіламетраў.


Здавалася б, што можа быць унікальнага ў бязмежных лясах, палях, азёрах? Але кожная фатаграфія майстра працятая індывідуальнасцю. Фотамастак умее заўважаць цікавае вакол сябе і дзяліцца гэтым з іншымі, запрашае гледачоў у віртуальнае падарожжа па вывучэнні таямніц роднай зямлі. Да таго ж, творчасць фатографа дэманструе людзям неабходнасць берагчы навакольны свет.


Цікава, што фотамастак, які горача любіць прыроду Беларусі, нарадзіўся ў Сібіры. У нашай краіне Васіль Белякоў пражывае з 1992 года. За сваё жыццё ён некалькі разоў мяняў месца жыхарства, аднак, па яго словах, “лепшай краіны, чым Беларусь, не сустракаў”.

З 2009 года фотамастак арганізоўвае аўтарскія выставы. Адметна, што ўсе яго фатаграфіі — без лічбавай апрацоўкі.


“Прыроду не выправіш, яе трэба паказваць такой, якая яна ёсць”, — сцвяржае фотамастак.

Адкрыйце для сябе прыгажосць роднай прыроды — і атрымайце імпульс для будучых падарожжаў.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.