Суббота, 18 сентября 2021

Гісторыя аднаго экспаната. Картуш з гербам Сапегі

756

Сёння мы пагаворым пра адзін з унікальнейшых экспанатаў ружанскага музея – картуш. Картуш (з французскай “Cartouche” і італьянскай “Cartoccio” даслоўна перакладаецца як “скрутак, мяшочак”) – упрыгожванне ў выглядзе дэкаратыўнага шчыта або паўразгорнутага скрутка.


Картушы ўзніклі ў эпоху Адраджэння ў канцы XV — пачатку XVI стагоддзяў. Як правіла, у іх цэнтральнай частцы змяшчаўся герб ці радавы знак уладальніка. У эпоху барока і ракако картушы набылі больш складаныя, часта асіметрычныя, дынамічныя формы. І ў адрозненне ад першапачатковага значэння “картушамі” сталі называць самыя розныя дэкаратыўныя элементы з дэвізамі, датамі, геральдычнымі шчытамі з гербамі і эмблемамі.


Наш картуш працяглы час знаходзіўся на фасадзе цэнтральнай брамы палацавага комплекса. Перад рэстаўрацыяй брамы ў 2008 г. яго знялі, а ў 2011-м ён заняў сваё ганаровае месца ў экспазіцыі.


У шматлікіх дакументальных крыніцах можна сустрэць апісанне ружанскай брамы з картушам, дзе навукоўцы пішуць, што выкананы ён з моранага дуба. Але ёсць версія, што ён зроблены з лістоўніцы — гэтую здагадку пацвердзіў і Валянцін Калнін, які праводзіў глабальнае вывучэнне палацавага комплексу ў 1970-я гады.


Нашаму артэфакту больш за 200 год, ён датуецца другой паловай XVIII ст. Успамінае пра яго расійская падарожніца Элена Целяпнёва, якая праязджала праз Ружаны ў канцы 1820-х гг.: “Вялікая дарога вяла ля княскага дома і выходзіла з брамы, на якой вензель яшчэ не поўнасцю знік”.


Вядома, што над брамай было два картушы, па абодва яе бакі. На жаль, другі не захаваўся цалкам, ад яго засталося толькі два элементы, якія таксама знаходзяцца ў экспазіцыі. На адным картушы быў герб, а на другім – лацінскія літары “AMS” – ініцыялы Аляксандра Міхаіла Сапегі, які быў ініцыятарам перабудовы ружанскай рэзідэнцыі.

Алена Паляшчук, малодшы навуковы супрацоўнік ДУК “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапег”.