Воскресенье, 20 июня 2021

У Пружанах прайшла абласная спартакіяда па веласпорце. Наша каманда заняла трэцяе месца!

1 497

Веласіпедныя баталіі разгарнуліся на мінулым тыдні на дарогах раёна: з 12 па 15 мая Пружаншчына прымала абласную спартакіяду школьнікаў па веласпорце.


Удзельнікамі спаборніцтваў сталі каля 70-ці спартсменаў з Баранавіцкага, Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў, г. Брэста.
Урачыстае адкрыццё турніру адбылося на плошчы каля райвыканкама. З прывітальным словам да спартсменаў звярнуўся галоўны спецыяліст райвыканкама А.Л.Лапыка. Ён пажадаў веласіпедыстам перамагаць як мага часцей і прывозіць медалі з турніраў самага высокага ўзроўню.


Ганаровым госцем і суддзёй спартакіяды стаў чэмпіён каманднай велагонкі Алімпіяды-80 у Маскве А.М.Логвін.

“Брэсцкая зямля выхавала шмат цудоўных, таленавітых спартсменаў. Маладому пакаленню хочацца пажадаць здароўя, бо калі яно ёсць, знаходзяцца сілы жыць, тварыць, радаваць сваімі перамогамі блізкіх і ўсю краіну”, — падкрэсліў Алег Мікалаевіч.


За чатыры дні веласіпедысты паспелі паўдзельнічаць у чатырох гонках. У групавой дзяўчатам трэба было праехаць 35, а хлопцам – 50 км. Індывідуальная гонка на 10 км таксама стала праверкай на вынослівасць. Падчас міксу спачатку тры хлопцы пераадольвалі 10 км, а затым такая ж дыстанцыя чакала трох дзяўчат. Дарэчы, у гэтым відзе праграмы пружанская каманда заняла трэцяе месца. Завяршыліся спаборніцтвы традыцыйна крытэрыумам – гонкай, якая праходзіць па вуліцах горада.


У агульнакамандным заліку пасля ўсіх велазаездаў пружанская каманда размясцілася на трэцім месцы. Як адзначыў трэнер юных веласіпедыстаў Ю.А.Валкавыцкі, найбольшы ўнёсак у бронзавую ўзнагароду зрабілі Дзяніс Бараноўскі, Мікіта Грышчук, Ягор Тарасевіч, а таксама Юлія Кунда, Анастасія Астапчык і Надзея Панчанка
На другім месцы па выніках турніру – каманда Баранавіцкага раёна. Абсалютнай пераможцай веласпартакіяды стала зборная г.Брэста.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).

Больш здымкаў тут: https://www.instagram.com/budni.by/https://www.instagram.com/budni.by/