Пятница, 17 сентября 2021

Спартыўныя поспехі Уладзіслава Саўко, або Аграном, які марыць стаць вайскоўцам

2 423

Спартсмены, як ніхто іншы, ведаюць, што такое горыч паражэння. Разумеюць, што такое штодзённыя карпатлівыя трэніроўкі. Бязмерна радуюцца, калі пакараецца запаветная вяршыня. За два гады трэніровак усе гэтыя эмоцыі спазнаў і навучэнец каледжа Уладзіслаў Саўко. Нядаўна хлопец вярнуўся з залатым медалём з рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагаборстве «Здароўе» сярод навучэнцаў каледжаў. Пра тое, што ў каледжы можна будзе актыўна займацца спортам, Улад ведаў ад сяброў. Яны ж і дапамаглі вызначыцца з выбарам навучальнай установы. І пра свой прыезд на вучобу ў Пружаны юнак са шматдзетнай сям’і з Бярозаўскага раёна не шкадаваў ніколі. Да спартыўных трэніровак будучага агранома далучыў выкладчык фізкультуры А.В.Мацаюк.


— Усё пачалося яшчэ на першым курсе. Спачатку былі спаборніцтвы на ўзроўні каледжа, затым – вобласць і, нарэшце, рэспубліканскія турніры па мнагаборстве, — дзеліцца Улад. — Канечне, выступленням папярэднічаюць шматлікія трэніроўкі, якія праходзяць пяць разоў на тыдзень.


Трэніруецца Уладзіслаў пад строгім кіраўніцтвам Аляксандра Віктаравіча. Юнака разам з іншымі, захопленымі спортам, навучэнцамі каледжа можна сустрэць зранку і ўвечары на гарадскім стадыёне. Тут спартсмены бегаюць крос – па 5-6 кіламетраў, адпрацоўваюць тэхніку скачкоў і падцягванняў. У спартыўнай зале ўдасканальваюць стральбу і займаюцца сілавой падрыхтоўкай. Двойчы на тыдзень Улад Саўко наведвае Водны палац. Тут з ім займаецца А.Г.Махнач.


— Прагрэс пасля трэніровак навідавоку. Напрыклад, да паступлення я мог падцягнуцца прыкладна 12 разоў. Зараз – 26, прычым са строгім выкананнем тэхнікі. Тое ж са скачкамі ў даўжыню: калі раней не мог паказаць лепшы вынік, чым 2,40 м, цяпер — 2,80. Аднойчы на спаборніцтвах здзівіў нават самога сябе: скокнуў яшчэ на 10 сантыметраў далей. На жаль, спробу не залічылі, — усміхаецца юнак.
Але падобныя няўдачы Улада не спыняюць. Па словах навучэнца, вельмі матывуе яго лепшы сябар Уладзіслаў Жур, разам з якім займаюцца ў Аляксандра Віктаравіча. Ды і сам трэнер заўсёды падтрымлівае.


Увогуле, за плячыма хлопца – дыпломы спаборніцтваў па гіравым спорце, лёгкаатлетычным кросе, узнагароды летняга і зімовага мнагаборства абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.


Першае месца ў асабістым заліку сярод юнакоў старэйшай узроставай групы рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагаборстве «Зда-роўе» сярод навучэнцаў каледжаў пакарылася Уладу з чацвёртай спробы. На другім рэспубліканскім турніры хлопцу не хапіла да запаветнага «золата» ўсяго тры ачкі…


— А на спаборніцтвах, якія ўрэшце прынеслі перамогу, я ішоў увогуле сёмым. Заставаўся толькі бег. Я ўзгадаў нашы трэніроўкі і зразумеў: гэта апошні шанец і яго нельга ўпускаць. У выніку прабег тры кіламетры за 11 мінут 15 секунд, палепшыў свой вынік на мінуту, ну, і заваяваў доўгачаканую перамогу.


Што ў планах у спартсмена? Зразумела, трэніроўкі. А вось пасля каледжа Улад бачыць сябе вайскоўцам і марыць трапіць у рады спецназа або ваенна-паветраных сіл. Неабходную загартоўку, упэўнены юнак, ён ужо атрымаў. Цяпер галоўнае – праца і вера ў свае сілы.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік.