Воскресенье, 20 июня 2021

Каманда СШ №5 будзе абараняць гонар раёна на абласным этапе ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца»

1 777

Шмат цікавых конкурсаў, палявыя ўмовы жыцця і новыя сябры. Усё гэта чакала ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца». На два дні мінулага тыдня цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў Рудніках стаў месцам спаборніцтваў тых, хто любіць спорт, творчасць і не баіцца цяжкасцей.


Сёлета ў «Зарніцы» прыняло ўдзел 11 каманд са школ раёна. У складзе кожнай – вучні ва ўзросце да 14 гадоў. І калі ежу на кастры разам з дарослымі і да гэтага гатавалі многія, то начоўка ў палатцы стала сапраўдным выпрабаваннем для школьнікаў. Ацаніць умовы быту дазволіў адпаведны конкурс, у якім максімальную колькасць балаў набрала 10 з 11 каманд. У праграму таксама ўваходзілі конкурсы патрыятычнай песні, знаўцаў пажарнай справы і візітоўкі кожнага з атрадаў.


Але куды больш захапляльнымі былі спаборніцтвы, якія дазволілі ўдзельнікам адчуць сябе сапраўднымі вайскоўцамі і максімальна выкарыстаць веды па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Ваенна-спартыўная эстафета ўключала паласу перашкод. Ад вучняў патрабавалася прапаўзці па-пластунску пад бар’ерамі, прабегчы ў процівагазе і кінуць гранату. Лепшых стралкоў з пнеўматычнай вінтоўкі вызначыла аперацыя «Снайпер». А вось эстафета, падрыхтаваная работнікамі МНС, прадугледжвала баявое разгортванне пажарнай машыны.


Што да творчых выпрабаванняў, то вучняў традыцыйна чакаў агляд строю і песні.


Па выніках ваенна-патрыятычнай гульні найбольшую колькасць балаў і, адпаведна, першае месца заняла каманда СШ №5. На другім месцы, саступіўшы ўсяго адзін бал пераможцам, размясціўся атрад СШ №3. Замкнулі прызавую тройку вучні Кляпацкай СШ.
Каманда-пераможца прыме ўдзел у абласным этапе спаборніцтваў.

Уладзіслаў Шпарла.
Фота Аляксандра Бабігорца.