Пятница, 17 сентября 2021

Знаёмцеся: дыпламант шматлікіх музычных конкурсаў таленавіты саксафаніст Міхаіл Бегер

879

Над Пружанамі лілася музыка. На ганку музычнага аддзялення школы мастацтваў па вуліцы Рыгора Шырмы адбываўся канцэрт дзіцячага ўзорнага духавога аркестра, прысвечаны святу Перамогі. Адну з сольных кампазіцый выконваў хлопец з саксафонам. Мелодыя напаўняла ўсё наваколле, яе хацелася слухаць яшчэ і яшчэ…


Вучань сёмага класа дзіцячай школы мастацтваў г.Пружаны імя Р. Р. Шырмы па класе саксафона Міхаіл Бегер — неаднаразовы пераможца розных музычных конкурсаў. Толькі сёлета ён стаў дыпламантам 2-й ступені III Міжнароднага музычнага конкурсу сучаснай творчасці “Калядны звон-2021”, дыпламантам 3-й ступені Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу мастацтваў “Ільвяня запрашае сяброў”, удзельнікам алімпіяды па музычна-тэарэтычнай дысцыпліне і дыпламантам 3-й ступені Першага адкрытага (міжнароднага) конкурсу па музычна-тэарэтычных дысцыплінах “Эўрыка!”, а таксама – увага! – атрымаў Гран-пры XIV абласнога адкрытага конкурсу “Крынічка”.


—Як пачынаўся твой шлях у музыку?
—У музычную школу мяне прывёў тата. Паабяцаў пры гэтым, што ў мяне будзе прыгожы інструмент. Я быў зусім малы, так што гэтая спроба заінтрыгаваць удалася. Але саксафон прывабіў не толькі выглядам, але і яркім гукам. Зацікаўленасці музыкай паспрыяў і настаўнік Сяргей Рыгоравіч Більшэвіч. Дзякуючы яму, я дасягнуў пэўных поспехаў, нават зараз іграю ў “дарослым” аркестры “Біг-Бэнд”.
—Якой была твая першая ўзнагарода?
—Гэта было другое месца ў конкурсе “Крынічка”. Першы поспех даў штуршок да яшчэ больш старанных заняткаў, большай адказнасці.
— Які твой самы любімы прадмет у музычнай школе?
—Зразумела, спецыяльнасць. А вось з сальфеджыа часам узнікаюць складанасці.
—Чым любіш займацца, акрамя музыкі?
—Я вучуся ў восьмым класе СШ №1, так што паспяхова “сумяшчаю” школьныя заняткі і музычныя. А яшчэ люблю гуляць у футбол.
—Якую музыку табе самому падабаецца слухаць?
— Мой любімы выканаўца Бэн Уэбстэр – вядомы джазавы музыкант.
—Будуеш ужо планы на будучыню?
—Пакуль яшчэ не ведаю, ці будуць яны звязаны з музыкай, але думаю, што яна заўсёды застанецца ў маім жыцці.
Міша адказваў на пытанні лаканічна, быццам бы лічыў, што кампазіцыі, якія ён выконвае, не патрабуюць моўных дапаўненняў. Хочацца спадзявацца, што яго саксафон у далейшым будзе гучаць не толькі над Пружанамі. Поспехаў гэтаму сціпламу таленавітаму хлопцу!
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ.
Фота аўтара і Кацярыны Масік.