Суббота, 18 сентября 2021

Піянерыя: крочыць у нагу з часам

840

Чым знамянальная дата 19 мая? У гэты дзень у 1922 годзе была створана Усесаюзная піянерская арганізацыя. Але з часам усё змяняецца, іншым стаў і піянерскі рух. У чым асаблівасць сучасных піянераў? Пра гэта нам расказала старшыня раённага савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” А.А.Зубко.


— Алена Аляксееўна, што ўяўляе сабой піянерская арганізацыя, наколькі яна актуальная сёння?
— Пачнем з таго, што Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя — гэта грамадскае аб’яднанне для дзяцей усёй краіны, якое не стаіць на месцы і крочыць у нагу з часам. Быць піянерам — актуальна, модна і, галоўнае, карысна. У нас мноства ідэй для ўвасаблення, якія прапануюць самі дзеці. Наша мэта — дапамагчы кожнаму піянеру стаць годным грамадзянінам сваёй краіны і сваімі справамі прыносіць карысць беларускаму грамадству.

— Раскажыце, калі ласка, пра сімволіку арганізацыі, якая, калі не памыляюся, змянілася ў мінулым годзе.
— Сапраўды, піянерская арганізацыя, скажам так, “перазагрузіла” свой брэнд: з’явіліся яркія сімвалы, новы надпіс, новы агеньчык, які складаецца з языкоў полымя, што сімвалізуюць вясёлку. Але мы захавалі традыцыйныя чырвона-зялёны гальштук і сцяг.

—А хто такі Вогнік?
— Гэта наш новы сімвал, які прыдумалі самі дзеці. Было вельмі шмат ідэй, у якасці будучага сімвала разглядаліся буслы, зубраняты і іншыя прадстаўнікі беларускай фаўны. Выбралі такога сур’ёзнага звера, як рысяня. І назвалі яго Вогнікам. Прыдумала новы сімвал дзяўчынка з Гомеля.

— Які дэвіз у сённяшніх піянераў?
— Наш дэвіз: “Піянер! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці будзь гатовы! — Заўжды гатовы!” І мы, сапраўды, гатовыя да многага. У нас шмат новых цікавых праектаў і акцый для агульнага развіцця.

— Чым сучасныя піянеры займаюцца? Па-ранейшаму збіраюць макулатуру, металалом, наведваюць ветэранаў?
— Не толькі. Вось ужо некалькі гадоў запар мы праводзім інтэлектуальны конкурс “Піянерскі квіз”, які вельмі падабаецца дзецям. Прапанавалі ім інтэрактыўны праект “Пазнай Беларусь”, згодна з умовамі якога кожны месяц трэба выконваць якое-небудзь заданне: вырабіць паштоўку з арнаментам, напісаць верш пра свой край, традыцыі, дапамагчы старэйшаму пакаленню. А потым вынік сваёй працы выкласці на сваіх старонках у сацыяльных сетках ці на старонцы сваёй установы адукацыі.
З задавальненнем нашы дзеці прымаюць удзел і ў конкурсе “Суперзорачка”, які праводзіцца ў форме агляду ведаў, уменняў, навыкаў і дасягненняў акцябрат перад уступленнем у піянеры.

—Ведаю пра цімураўскі рух, а хто такія экацімураўцы?
— Гэта таксама своеасаблівыя валанцёры, якія дзейнічаюць у сістэме экалагічнай адукацыі. Яны атрымліваюць заданні на адпаведную тэматыку, напрыклад, стварыць скульптуру з непатрэбных рэчаў або карту жывёл з Чырвонай кнігі.

— Якую дружыну раёна Вы назвалі б самай актыўнай?
— У мінулым годзе з 28 піянерскіх дружын лепшай стала дружына імя Пятра Клімука з Хараўской сярэдняй школы. Сёлета хараўскія школьнікі не здаюць пазіцыі: яны таксама актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, падтрымліваюць наш савет. І я думаю, што ў іх ёсць усе шанцы паўтарыць свой поспех.

— Днём нараджэння сучаснай беларускай піянерскай арганізацыі лічыцца 13 верасня. Аднак 19 мая — важная дата для піянераў былых часоў, таму і названы ён Днём піянерскага сяброўства. Што б Вы пажадалі піянерам розных пакаленняў?
— Хочацца пажадаць усім здароўя, актыўнай жыццёвай пазіцыі, пазітыўнага настрою і, вядома ж, надзейных сяброў!
Анастасія Карповіч, член аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” ЦТДМ.