Пятница, 17 сентября 2021

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе сярод дзяўчат U-17 Марына Ліс расказала пра перспектывы пружанскай спартсменкі Валерыі Імховік

1 823

Выдатна вучыцца, дабіцца пэўных поспехаў у спорце, паступіць у Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву…
Але гэта яшчэ не ўсе дасягненні Валерыі Імховік. Дзяўчынка, якая спачатку займалася футболам у ДЮСШ-1 г.Пружаны, у складзе каманды вучылішча заняла першае месца ў маладзёжным першынстве Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчат 2004-2006 г.н. і выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту. А сёлета Валерыя Імховік была адабрана ў зборную Беларусі па футболе сярод дзяўчат U-17. Было цікава запытацца ў галоўнага трэнера зборнай Марыны Аляксандраўны Ліс пра юную футбалістку.


— Як зарэкамендавала сябе Валерыя як гулец у зборнай U-17?
— На мой погляд, Лера была канкурэнтаздольнай сярод гульцоў свайго ўзросту і паказала дастаткова высокі ўзровень фізічнай, тэхнічнай і тактычнай падрыхтоўкі. Яна адпавядала тым патрабаванням, якія да яе прад’яўлялі трэнеры.

— Ці ёсць у Валерыі перспектывы як у гульца зборнай РБ?
— Так, Лера таленавітая, і ў яе ёсць усе магчымасці і перадумовы, каб стаць гульцом вельмі добрага ўзроўню. Я зараз маю на ўвазе тыя патрабаванні, што прад’яўляе сучасны футбол да гульца: фізічныя якасці, хуткасць, трываласць.
Канешне, ёсць некаторыя моманты па тэхніцы і тактыцы, якія трэба падпрацаваць, але наогул пра Леру магу сказаць толькі станоўчае. За амаль 20 гадоў работы ў мяне рэдка былі гульцы, настолькі захопленыя футболам, якія імкнуцца развівацца. Зразумела, шмат фактараў уплывае на паспяховую кар’еру гульца, асабліва ў такім камандным відзе спорту, як футбол. Але ў Леры ёсць усе перадумовы, каб стаць гульцом топавага ўзроўню. У яе ёсць характар. Для мяне, як і для любога трэнера, характар плюс талент – гэта 70% поспеху.

— Да якіх спаборніцтваў Вы рыхтуецеся ў дадзены момант?
— Да першага адборачнага раўнду чэмпіянату Еўропы сярод дзяўчат да 17 гадоў, які пройдзе ў Люксембургу ў верасні.

—Што ж, застаецца толькі пажадаць поспеху і ўдачы зборнай Беларусі і нашай зямлячцы, у прыватнасці.
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ.

На здымку: Валерыя Імховік.
Фота аўтара.