Пятница, 29 марта 2024

Храм іконы “Неспадзяваная Радасць” у в. Новыя Засімавічы адзначыў першы юбілей

1 111

Нездарма кажуць, што падзеленая радасць – гэта падвоеная радасць. У пятніцу журналісты “раёнкі” былі запрошаны на ўрачыстасць у храм іконы “Неспадзяваная Радасць”, што ў в.Новыя Засімавічы, каб разам з прыхаджанамі адзначыць яго першы юбілей. І, прызнацца, асабіста адчулі па-сапраўднаму велікодную радасць, якую прынёс людзям дзіўны ранішні дабравест. Перадаўся нам, як агеньчык ад свечкі да свечкі, і асаблівы душэўны малітоўны настрой, які ў гэты дзень панаваў у царкве.


Пяць гадоў храм у вёсцы Новыя Засімавічы і яго пагост вельмі дынамічна развіваліся. І сёння прадстаўляюць сабой вельмі ўтульны комплекс.


Варта адзначыць, што гісторыя самога прыходу пачалася значна раней. Праваслаўная абшчына ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Неспадзяваная Радасць” была зарэгістравана яшчэ ў 2004 годзе. Спачатку ў летні час па нядзелях каля крыжа на царкоўным пагосце здзяйсняліся набажэнствы з акафістам Багародзіцы, а зімой у мясцовым Доме культуры праводзіліся гутаркі з прыхаджанамі.
Пазней у адрамантаваным будынку былога кантрольна-прапускнога пункта размясцілася часовая царква. І нарэшце ў сакавіку 2014 года быў здзейснены чын асвячэння месца пад будаўніцтва пастаяннага храма. У тым жа годзе на сродкі прыхаджан была ўзведзена званіца, а на сродкі дабрачынца з Санкт-Пецярбурга закладзены падмурак і пачалося ўзвядзенне сцен…


22 снежня 2015 года храм у гонар іконы Божай Маці “Неспадзяваная Радасць”, пабудаваны ў стылі рускага неакласіцызму, быў асвечаны.
На сваё пятае прастольнае свята гэты “астравок духоўнасці” быў асабліва прыгожым. Здавалася, разам з вернікамі святкавала і прырода: клумбы ззялі ад вясенніх першацветаў, пад сонечнымі прамянямі неяк па-асабліваму пералівалася пазалота купалоў, зяленыя галінкі высокіх бярозак пяшчотна шалясцелі ад лёгкага ветрыку і нібы імкнуліся пацалаваць жоўтыя храмавыя сцены і сіні шматскатны дах…


Ад галоўнай сцежкі да самага храма вяла чырвоная дывановая дарожка, упрыгожаная цюльпанамі, па якой першым прайшоў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан (Хама). На ўваходзе ў храм прыхаджане паднеслі дарагому госцю хлеб-соль і кветкі.
І адразу статус набажэнства падкрэсліў цудоўны харавы спеў у выкананні вакальнага ансамбля “Амафор”, што пад кіраўніцтвам Наталлі Данцовай дзейнічае пры Навазасімавіцкім сельскім Доме культуры.


Падчас набажэнства архіерэю саслужылі сакратар епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Петрусевіч, настаяцель храма-юбіляра іерэй Сергій Сысаляцін, настаяцель пружанскай Свята-Мікалаеўскай царквы протаіерэй Вячаслаў Левы, настаяцель шарашэўскай Свята-Мікалаеўскай царквы протаіерэй Мікалай Пашкевіч і іншыя святары раёна.


Радасць гэтага дня і малітву з нагоды асвячэння храма раздзялілі і афіцыйныя асобы. У прыватнасці, на літургіі прысутнічаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Канстанцін Іванавіч Панімаш.


Адметным момантам набажэнства стала малітва архіепіскапа пра дараванне міру і дабрабыту беларускай зямлі, якая перажывае цяпер складаны час. Напрыканцы літургіі адбыўся традыцыйны хрэсны ход, які паказаў, што за пяць гадоў храм стаў сапраўдным духоўным прытулкам для многіх людзей.


Але на гэтым урачыстыя моманты не скончыліся. Уладыка Іаанн адзначыў ганаровымі граматамі людзей, якія карпатлівай, самаадданай працай унеслі сваю лепту ў справу аднаўлення і добраўпарадкавання царквы ў яе цяперашняй велічы. А гэта — Уладзімір Міхайлавіч Ляўковіч, Сяргей Леанідавіч Зорыкаў, Раман Аляксандравіч Цупрыкаў, Мікалай Адамавіч Бруцкі, Галіна Паўлаўна Лушчанок, Яўген і Наталля Данцовы, Марыя Васільеўна Гвай, Надзея Фёдараўна Шаўчэнка і многія іншыя вернікі храма.
Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота).