Пятница, 18 июня 2021

Дзе сёлета дазволена купацца? Як пляжы падрыхтаваны да сезона? Ці ўсе зоны адпачынку адпавядаюць нормам? У нас ёсць адказы!

958

Хаця надвор’е пакуль не надта спрыяе заплывам пад адкрытым небам, афіцыйна купальны сезон у Беларусі стартаваў першага мая. З гэтага часу вадаёмы ў чаканні адпачываючых.



— Гэта для тых, хто адпачывае, сезон пачаўся першага мая, — гаворыць старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук. — Але толькі не для адказных за яго адкрыццё: усе — ад вадалазна-выратавальнай службы да арганізацый, за якімі замацаваны пляжы вадаёмаў, — пачалі рыхтавацца загадзя.


А аб’ём работ, трэба сказаць, немалы. Вялікая адказнасць, напрыклад, ляжыць на вадалазах. Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця купальнага сезона яны ў абавязковым парадку даследуюць дазволеныя для купання вадаёмы: правяраецца дно, пры неабходнасці — робіцца яго ачыстка ад прадметаў, якія могуць траўмаваць купальшчыкаў. У спецыялістаў санітарна-эпідэміялагічнай службы свая задача — праверыць ваду на прыдатнасць для купання. Далей гэта робіцца на працягу ўсяго купальнага сезона, але майце на ўвазе, правяраюцца толькі зоны, дазволеныя для купання!

Сёлета на Пружаншчыне вызначана 11 зон адпачынку — больш, чым у іншых раёнах Брэстчыны. У горадзе гэта возера па вуліцы Пушкіна і басейн па вуліцы Савецкай. На тэрыторыі раёна абсталяваны пляжы на вадаёмах у Насках, Лінове, Шарашэве, Магілёўцах, паблізу Клепачоў і Кабылаўкі. На возеры Паперня, што каля Ружан, нават два. Адзін з іх — на тэрыторыі ААТ «Санаторый «Ружанскі», але ён не даступны для масавага наведвання. Мінулагодні спіс дапоўніў і пляж на тэрыторыі аздараўленчага лагера «Дубок» (ён таксама закрыты для шырокага наведвання).


Юрый Міхайлавіч звяртае ўвагу на работу па добраўпарадкаванні гэтых зон адпачынку.
— Як звычайна рашэннем райвыканкама за кожнай з зон адпачынку замацаваны адказныя арганізацыі: КУВП «Камунальнік», ААТ «Санаторый «Ружанскі», «Ружаны-Агра», «Аранчыцкая птушкафабрыка», «Ліноўскае», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Жураўлінае», «Айчына», «Радзіма», ДЛГУ «Пружанскі лясгас» і аздараўленчы лагер «Дубок». Сёлета ім ужо крыху прасцей: яны падтрымліваюць у належным стане тое, што зрабілі раней. Бо, напрыклад, яшчэ ў 2019 годзе прыдатнымі для адпачынку ў Пружанскім раёне лічыліся толькі пяць вадаёмаў. Таму многім летась давялося пастарацца, каб пляжы адпавядалі патрабаванням: будавалі навесы, кабінкі для пераапранання, ставілі лавачкі, сметніцы, малыя архітэктурныя формы, абазначалі буйкамі зоны купання… Цяпер толькі наводзь парадак ці рамантуй.

Але ў якім выглядзе будуць знаходзіцца зоны адпачынку ў многім залежыць, пагадзіцеся, не толькі ад асоб, адказных за іх добраўпарадкаванне. Парадак — гэта, у першую чаргу, адказнасць саміх адпачываючых. Калі нічога не ламаць і прыбіраць за сабой, чым часта некаторыя грэбуюць, то і на беспарадак ніхто не паскардзіцца, а рукатворная прыгажосць пратрымаецца даўжэй.

Што з іншымі вадаёмамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна? Купанне тут, адназначна, пад забаронай, пра што нагадваюць і ўстаноўленыя папярэджвальныя знакі. І парушаць забарону мы б не раілі. У першую чаргу, з-за адсутнасці гарантыі бяспекі: усё-такі там не праводзіліся даследаванні ні дна, ні вады, не нясуць дзяжурствы выратавальнікі. А яшчэ падобныя «водныя працэдуры» могуць карацца штрафам. Дарэчы, штраф пагражае не толькі за ігнараванне правілаў купання, але і за распіццё спіртных напояў.

Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.