Суббота, 18 сентября 2021

У Пружанах прайшоў велапрабег “Памяць у нашых сэрцах”

1 559

Захоўваць памяць пра герояў вайны і іх подзвіг можна не толькі праз мітынгі, рэквіемы, сустрэчы з жывымі сведкамі падзей. Гэта даказаў гарадскі велапрабег “Памяць у нашых сэрцах”, прысвечаны Дню Перамогі. 8 мая ён прайшоў у Пружанах.


Удзельнікамі спартыўна-патрыятычнага мерапрыемства сталі больш за 70 школьнікаў, выхаванцаў спартыўных школ, членаў БРСМ. Побач з дзецьмі былі трэнеры, выкладчыкі фізічнай культуры.


Напрыклад, разам з шасцікласнікамі СШ №3 г.Пружаны Валерыяй Маруфенка, Юліяй Пакала, Глафірай Вяткінай і Уладзіславам Грышкевічам ехаў настаўнік фізічнай культуры Л.І.Астапчык. Як адзначыў Леанід Іванавіч, гэтыя вучні займаюцца фігурным катаннем і харэаграфіяй і актыўна ўдзельнічаюць у школьных спартыўных мерапрыемствах. А школьнікі ў сваю чаргу расказалі, што разам з бацькамі ў Дзень Перамогі наведваюць памятныя мерапрыемствы. Падчас іх абавязкова ўспамінаюць прабабуль і прадзядуль, якія ваявалі за спакой ва ўсім свеце.


Пра важнасць захавання спакою гаварыў у прывітальным слове і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі К.І.Панімаш. “76 гадоў мы жывём у міры, згодзе, узаемаразуменні. 76 гадоў спакойна ходзім па вуліцах сваіх гарадоў і сёл. 76 гадоў можам развівацца, марыць, ствараць. Задача нашага пакалення – захаваць спакой на зямлі”, — падкрэсліў Канстанцін Іванавіч.


Маршрут велапрабегу, які ўзяў пачатак каля Палаца культуры, прайшоў праз увесь горад. Па словах галоўнага спецыяліста райвыканкама А.Л.Лапыкі, арганізатары мерапрыемства сваю задачу бачылі ў захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну, выхаванні ў маладога пакалення павагі да мінулага нашай краіны і яе слаўных традыцый.


На заканчэнне велапрабегу кожны ўдзельнік атрымаў каляндар спартыўна-масавых мерапрыемстваў раёна на 2021-2022 гады.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.