Пятница, 18 июня 2021

Вучні настаўніцы фізкультуры Таццяны Гардзіеўскай атрымалі шэраг узнагарод за навуковую дзейнасць!

1 177

Фізкультура – таксама навука! Не верыце? Пераканацца ў гэтым можна на прыкладзе гімназіі г.Пружаны. Яе вучні, акрамя актыўнага ўдзелу ў спартыўных турнірах, з лёгкай рукі настаўніка фізічнай культуры Т.В.Гардзіеўскай становяцца… даследчыкамі. Больш за тое, перамагаюць у канферэнцыях рознага ўзроўню.


Каб паказаць значнасць фізкультуры не толькі з практычнага, але і з тэарэтычнага боку, Таццяна Васільеўна вырашыла стварыць гурток для старшакласнікаў пад назвай “Адкрый у сабе навукоўца”.


“Спачатку школьнікі не верылі, што на ўроках фізкультуры можна яшчэ і штосьці вывучаць. Але ж любая навука зацягвае зацікаўленага чалавека!”, — дзеліцца настаўніца. Яна з задавальненнем расказвае, што вучні, з якімі раней пісалі навуковыя работы, зараз вучацца ў брэсцкіх вышэйшых навучальных установах, а таксама ў Мінскім медуніверсітэце.


У мінулым навучальным годзе склад гуртка абнавіўся. У яго ўвайшлі дзесяцікласніца Кацярына Гарустовіч, а таксама вучні 11-га класа Іван і Уладзімір Валанчусы. Усе яны — плыўцы, якія маюць спартыўныя разрады. І адразу ж уключыліся ў практычную работу. Таццяна Васільеўна прапанавала гімназістам праверыць, як уплываюць фізнагрузкі на сардэчна-сасудзістую сістэму спартсменаў, ацаніць, ці залежыць узровень вынослівасці чалавека ад тыпу тэмпераменту.

Для даследавання былі абраны некалькі груп: валейбалісты і лёгкаатлеты з ДЮСШ №1, фігурысты і плыўцы з ДЮСШ №2. Як асобная група — блізняты, а таксама кантрольная група — вучні, якія сур’ёзна не займаюцца спортам.


Для вымярэння варыябельнасці сардэчнага рытму выкарыстоўвалі прыбор “Алімп-2”. Ён быў узяты на кафедры фізічнай культуры Брэсцкага дзяржуніверсітэта. Тэмперамент вызначалі пры дапамозе анкетавання. Цікава, але пры гэтым сярод блізнят ідэнтычнасць была выяўлена толькі ў адной пары.


Упершыню вынікі даследавання навукоўцы-фізкультурнікі прадставілі на раённай канферэнцыі, а з абласной прывезлі дыплом першай ступені ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.

На гэтым не спыніліся: адправілі работу на ХІІ Усерасійскую з міжнародным удзелам навукова-практычную канферэнцыю “З навукай у будучыню” (г.Чарапавец). Завочны этап, на якім вынікі даследавання прадстаўляў Іван Валанчус, прынёс дыплом трэцяй ступені. Журы ўказала на хібы, якія варта выправіць да дыстанцыйнага этапа. Навуковы кіраўнік і гімназісты заняліся гэтым і ў выніку на чарговым этапе набралі максімальную колькасць балаў, заваявалі дыплом першай ступені. Такі ж дыплом у намінацыі “Юныя даследчыкі” прынёс удзел у міжнароднай алімпіядзе па фізкультуры, якая праводзілася ў Арэнбургскім педуніверсітэце.


Перамога дае Івану права паступлення ў Чарапавецкі ўніверсітэт без уступных экзаменаў і атрымання ўрадавай стыпендыі. Але юнак марыць пра дасягненні ў сферы электронікі ці робататэхнікі. Зараз рыхтуецца да паступлення ў БДУІР. Кажа, што хапае часу і на спорт: Ваня займаецца валейболам і варкаўтам. Гімназіст вучыцца на фізіка-матэматычным профілі і ідзе на залаты медаль. Ва ўніверсітэце плануе працягнуць навуковую дзейнасць і, канечне ж, заняткі спортам.


Стараецца не адставаць і Кацярына. Дзяўчына займаецца плаваннем, а сваім хобі называе… катанне на роліках. “Аднойчы ўбачыла, як хлопец ехаў на роліках спінай назад. Захацелася навучыцца. Цяпер валодаю шасцю трукамі, развучваю новыя. Катаюся на школьным стадыёне ці на пляцоўцы гарадскога рынку”, — расказвае Каця.

А Таццяна Васільеўна, калі гаворка заходзіць пра хуткі выпуск гімназістаў, ледзь стрымлівае слёзы. Кажа, што з дзецьмі было прыемна працаваць, і жадае ім пакарэння самых высокіх вяршынь — як спартыўных, так і навуковых. Няхай так і будзе! А мы чакаем цікавых работ і ідэй ад настаўніка фізкультуры гімназіі і, вядома ж, новых узнагарод

На здымку: Таццяна Гардзіеўская са сваімі выхаванцамі Кацярынай Гарустовіч, Уладзімірам і Іванам Валанчусамі.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).