Суббота, 18 сентября 2021

Святкаванне Дня Перамогі ў Пружанах (фота- і відэарэпартаж)

1 949

Радзіма. Гонар. Перамога…


У мінулую нядзелю паўсюль у нашай краіне, як малітва, паўтараліся гэтыя святыя словы. 76 гадоў прайшло ад пераможнага мая 1945 года, але мы, беларусы, памятаем… Памятаем гераічны подзвіг нашых дзедаў і прадзедаў, якія цаной свайго жыцця заваявалі нам доўгачаканы мір. 9 Мая — асаблівы дзень. Здаецца, ён здолеў сцерці ідэалагічныя спрэчкі, якія апошнім часам турбуюць наша грамадства, прымусіў біцца ва ўнісон сэрцы людзей. І гэта добры знак – у сваёй памяці мы адзіны.

Адзіным парывам, з размахам, пружанцы адзначылі Дзень Перамогі.
Ніводзін мемарыял вайсковай славы не застаўся па-за ўвагай: з самай раніцы каля ўсiх памятных мясцін на тэрыторыi раёна прайшлi мiтынгi, прысвечаныя чарговай гадавіне Вялiкай Перамогi. Вянкі і кветкі ад працоўных калектываў гараджане ўсклалі ў скверы імя Сцяпана Гудзімава, схілілі галовы каля мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр Халакосту, іншых памятных знакаў.

Памяці загінулых будзем дастойныя
Шмат людзей сабралася і на гарадскіх могiлках каля брацкай магілы, каб ушанаваць памяць герояў, якія абаранялі нашу радзіму, і аддаць даніну павагі, любові і ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, на чыю долю выпала бездань выпрабаванняў.


Прадстаўнікі ўлады, ваеннага камісарыята, раённага аддзела МНС, грамадскіх арганізацый і проста неабыякавыя грамадзяне ўшанавалі мінутай маўчання памяць 265 вядомых і невядомых воінаў Чырвонай Арміі і партызан, пахаваных тут.


Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, які адкрыў урачыстасць, цяперашняму пакаленню цяжка паверыць, што чалавечае жыццё спыніць проста, як ранішні сон. І мы павінны быць удзячны воінам Чырвонай Арміі і краін антыгітлераўскай кааліцыі, якія агульнымі намаганнямі перамаглі фашызм.

— Наша задача – выхаваць духоўна багатых, думаючых людзей, годных нашчадкаў герояў вайны. 9 Мая — гэта самае цёплае і шчырае свята. Дух Перамогі хай вядзе наперад да новых поспехаў і дасягненняў! – сказаў Мікалай Пятровіч.


Вельмі шчымлівай была прамова старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Т.К.Кашкан, якая ўзгадала пра праваслаўную традыцыю ісці на могілкі ў памінальны дзень, каб ушанаваць памяць нябожчыкаў. 9 Мая – менавіта такі дзень: да помнікаў невядомым салдатам прыходзяць усе.
— Нам завяшчана шанаваць Дзень Перамогі і несці памяць аб загінулых наступным пакаленням. Наша краіна вельмі вартая міру, таму што страты яе былі страшныя, — адзначыла Таццяна Канстанцінаўна і звярнула ўвагу прысутных на крэслы, падрыхтаваныя на месцы мітынгу для ветэранаў, якія, на вялікі жаль, так і засталіся пуставаць.


Як адзначыў старшыня раённага камітэта беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Д.У.Чайкоўскі, цяжка ўсведамляць, што людзей, якія валодаюць сапраўднымі ведамі пра тую вайну, становіцца ўсё менш і менш. І мы павінны кожны дзень дзякаваць ім за мірнае неба.


Салідарны з выступоўцамі быў і вучань СШ № 1 Уладзіслаў Наліўка, які ад імя ўсяго маладога пакалення абяцаў, што моладзь не забудзе, якую цану заплаціў беларускі народ за мірнае жыццё.

Светлую памяць людзей, апошнім прытулкам для якіх стала пружанская зямля, удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі мінутай маўчання, усклалі да помніка вянкі і кветкі.

Памятаем, ганарымся і шануем
Яркім і важным момантам святочнай праграмы стала шэсце да журботнага сімвала мінулай вайны — помніка “Спаленым вёскам”. На чале калоны пад гукі духавога аркестра ішоў “Бессмяротны полк” – удельнікі акцыі “Беларусь памятае” з гонарам неслі партрэты сваіх герояў, памяць пра якіх захоўваецца ў сем’ях. Калону калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада, устаноў адукацыі і спорту ўзначалілі прадстаўнікі раённай улады на чале з кіраўніком раёна Ю.Ю.Бісуном.


Каля помніка сабраліся сотні гараджан рознага ўзросту, каб аддаць даніну памяці воінам і мірным жыхарам, загінулым у гады вайны.
З Днём Перамогі прысутных павіншаваў старшыня райвыканкама Ю.Ю. Бісун, які адзначыў, што час мае велізарную ўладу, але ён значна слабейшы за чалавечую памяць.


— Мы не забудзем подзвіг салдат, подзвіг жанчын, якія замянілі сваіх мужоў на вытворчасці, подзвіг дзяцей, якія прайшлі праз неймаверныя выпрабаванні. Усе яны — героі вайны. Мы ў даўгу перад імі… Урокі Другой Сусветнай вайны заклікаюць нас да салідарнасці. Свет па-ранейшаму вельмі крохкі. Толькі разам на прынцыпах добрасуседства мы можам супрацьстаяць злу ва ўсім свеце, — сказаў Юрый Юр‘евіч.


І ваенны камісар раёна К.У.Шаўчэнка, і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук, і гімназістка Лізавета Туціна, выказваючы падзяку ветэранам, жадалі ім моцнага здароўя.

У чарговы раз да слёз расхвалявала прысутных шчымлівае выступленне С.С.Карпей, былога малалетняга вязня канцэнтрацыйнага лагера “Азарычы”, створанага фашыстамі ўвесну 1944 г., дзе дзесяць дзён “ложкам” для зняволеных служылі целы памерлых, а коўдрай – калючы снег і дождж. Дзе не было ні ежы, ні вады… Смакам вызвалення на ўсё жыццё для жанчыны стала грэцкая каша, якой пакармілі савецкія салдаты-вызваліцелі…
— Сёння людзі вітаюць адзін аднаго словамі «Хрыстос Уваскрэс!» — адзначыла Соф’я Сяргееўна. – Дык няхай гэтыя словы пачуюць душы, якія паляцелі на неба маладымі! І хай цюльпаны, якія яркім полымем расцвілі на зямлі аккурат да 9 Мая, стануць памінальнымі свечкамі па тых, хто не вярнуўся.


Добраму настрою падчас святкавання Дня Перамогі спрыяла і добрае сонечнае надвор’е. На сцэне ў гарадскім парку была прадстаўлена тэматычная праграма “Песні Вялікай Перамогі”. Канцэрт быў арганізаваны Пружанскім Палацам культуры. Пранікнёна прагучала знакамітая песня “Журавы” ў выкананні народнага вакальнага гурта “2+2”. Не пакінулі абыякавымі слухачоў песні народнага хору “Чырвоны гваздзік”, а таксама вакальнага гурта Калядзіцкага СДК, дуэта Роўбіцкага СДК і ўдзельнікаў самадзейнасці Пружанскага Палаца культуры. Стараліся не адстаць ад дарослых і паказаць свае майстэрства юныя выканаўцы з узорнай эстраднай студыі “Меладзін” Яркімі нумарамі парадавалі гледачоў узорны ансамбль танца “Круцёлачкі”, узорны ансамбль эстраднага танца “Рубікон” і народны ансамбль танца “Спадчына”.


Асаблівую цікавасць выклікала тэрыторыя творчасці перад Пружанскім палацыкам, дзе размясціўся “Горад майстроў”. Пружанскія рамеснікі прадставілі ганчарныя вырабы, абстрактныя карціны, каркасныя лялькі, роспіс па шклу, вязаныя і тканевыя цацкі, саломапляценне, роспіс па дрэве, вязаныя кручком адзенне і аксесуары, ткацкія вырабы і шмат іншага. Майстры з радасцю распавядалі ўсім жадаючым пра свае вырабы. “Вязаннем займаюся ужо чацвёрты год, – распавядае Наталля Іванаўна Учарашняя пра свае вязаныя мяккія цацкі, – Калі ў мяне з’явіліся ўнукі, захацелася зрабіць для іх штосьці сваімі рукамі”.


Звярнулі ўвагу на сябе і вырабы Таццяны Ерафеевай. Прыгожыя капялюшыкі, дзіцячыя ажурныя сукенкі, шапачкі – усё гэта звязана кручком. “Я захапляюся вязаннем кручком са школы, — кажа Таццяна Аляксандраўна. — Працэс вязання для мяне — гэта і спакой, і натхненне, і магчымасць абдумаць якую-небудзь справу. Калі вяжу, нават не заўважаю, як праходзіць час”.


Выклікалі цікавасць абстрактныя карціны мастацкага кіраўніка Палаца культуры Алены Лосевай. Яна казала пра свае тварэнні: “Здарылася так, што зімой у мяне з’явілася шмат вольнага часу па вечарах. І вось пачала вучыцца маляванню. Пачала глядзець у інтэрнэце майстар-класы, даведалася, як змешваць фарбы, якія матэрыялы выкарыстоўваць, якія ёсць тэхнікі малявання…”.

Каля дзіцячай пляцоўкі ў парку праводзіліся розныя забаўляльныя конкурсы. Там жа размясцілася тэматычная інтэрактыўная пляцоўка “Адзін дзень з жыцця салдата”, арганізаваная клубам “Teen’s формат”. Яе ўдзельнікі — хлопцы і дзяўчаты, павінны былі пераадолець паласу перашкод і напісаць ліст ветэранам. “Самая важная частка – гэта напісанне ліста, добрых слоў з будучага ў мінулае” – падкрэслілі арганізатары мерапрыемства. Таксама на пляцоўцы працавала “палявая кухня”. І пасля ўсіх выпрабаванняў моладзь магла падсілкавацца сапраўднай салдацкай кашай.


Не абышлося і без спартыўных мерапрыемстваў. На стадыёне адбываліся спаборніцтвы па футболе сярод выхаванцаў ДЮСШ-1, дартсу і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод дарослых.


А ўвечары ў цэнтры горада наладзілі канцэрт “Пераможны май”. Гучалі песні розных гадоў і сучасныя кампазіцыі ў выкананні салістаў і вакальных калектываў Пружаншчыны, выклікалі апладысменты танцавальныя гурты. Сімвалічна прагучаў “Майскі вальс” у выкананні Ірына Курусь. Пад яе танцавалі не толькі дзеці са студыі “Меладзін”, але і гледачы каля сцэны. Завяршыла канцэрт кампазіцыя “Няхай светам кіруе любоў”.


І ў дзень святкавання Вялікай Перамогі хацелася сказаць простыя словы, патрэбныя ва ўсе часы, нібы з гэтай песні: “Няхай светам кіруе любоў!” Светам без вайны і знішчэння… Няхай заўсёды так будзе.

Больш фота: https://ok.ru/budni/album/920576472456 і https://vk.com/album-23306785_279204022

Алена Зялевіч, Валерыя Адамчук, Кацярына Масік (фота), Уладзіслаў Шпарла (відэа).