Пятница, 17 сентября 2021

Вы ведаеце, што такое гальваніка? А як зрабіць вытворчы працэс экалагічным? Чым займаюцца тыя, хто скончыў вучобу па спецыяльнасці “Тэхналогія электрахімічнай вытворчасці”? Пра сваю прафесію расказвае Наталля Дземідзюк

1 449

Вы ведаеце, што такое гальваніка? А як зрабіць вытворчы працэс экалагічным? А наогул уяўляеце, чым займаюцца тыя, хто скончыў вучобу па спецыяльнасці “Тэхналогія электрахімічнай вытворчасці”?
Знаёмцеся: новы госць нашай рубрыкі – начальнік участка гальванапакрыцця і лакальна-ачышчальных збудаванняў ААТ “Пружанскі завод радыёдэталяў” Наталля Дземідзюк.


— Наталля, якім чынам Вы выбралі такую складаную спецыяльнасць? Што ведалі пра яе напярэдадні паступлення?
— Здаецца, ужо ў сёмым класе я ведала, што буду тэхнолагам. На выбар паўплывала схільнасць да дакладных навук (што і нядзіўна, я вырасла ў сям’і настаўнікаў матэматыкі і фізікі) і прыклад цёткі, якая працавала па гэтай спецыяльнасці. Да таго ж, мне заўсёды было цікава, як з нічога атрымаць пэўную рэч, як з вялікай колькасці дробных дэталяў атрымліваецца нешта вялікае і грунтоўнае. Але на самай справе ў 16 гадоў, калі стаіш перад выбарам прафесіі, ты яшчэ мала што разумееш. І я сваю будучую прафесію ўяўляла некалькі інакш, але пра выбар не шкадую: работа ў мяне цікавая і незвычайная.

— Дык чаму Вы ў свае 16 гадоў зрабілі менавіта такі выбар?
— Мабыць таму, што хацелася вучыцца менавіта ў сталіцы. На тэхнолага харчовай прамысловасці можна было вучыцца ў Пінску, але мяне вабілі агні вялікага горада. Сваю ролі адыграў і набор уступных іспытаў: хімія, матэматыка і мова. Менавіта гэтыя прадметы мне даваліся лягчэй. З дапамогай мамы рыхтавалася да матэматыкі, па хіміі былі дадатковыя заняткі ў школе. Наогул прахадныя балы на наш факультэт «Хімічная тэхналогія і тэхніка» БДТУ нельга назваць высокімі, але я не раю рабіць на гэта акцэнт пры выбары спецыяльнасці: вучоба вельмі складаная. Нават падалося, што першы год не вучылі, а толькі пыталі. Таму, калі ў школе нешта не дабраў, то будзе цяжка.

— Вы адзначылі, што ў Вас цікавая прафесія. Чым даводзіцца займацца?
— Наш цэх займаецца наданнем металічным дэталям ахоўна-дэкаратыўных уласцівасцей. Гальваніка – гэта тэхналогія апрацоўкі металічных вырабаў, якая ўяўляе сабой электрахімічны працэс, удзельнікамі якога з’яўляюцца апрацоўваемая дэталь, электраліт, два электроды і электрычны ток. У выніку праходжання праз электраліт электрычнага току метал асядае на паверхні апрацоўваемага вырабу і ўтварае на ім тонкую плёнку. Гальванічныя пакрыцці адметныя тым, што фармуюцца не простым нанясеннем пласта металу на паверхню, а ў выніку пранікнення яго малекул у павярхоўны пласт дэталі. У мае абавязкі цяпер уваходзіць кантроль за гэтым працэсам. Многім нашым заказчыкам важна, каб дэталі не проста набылі абарону ад карозіі, а і мелі прывабны знешні выгляд. Гэта таксама даводзіцца ўлічваць пры разнастайных разліках.

— Мне такая работа падаецца больш мужчынскай, чым жаночай. Сярод аднакурснікаў пэўна былі толькі юнакі?
— На самай справе і юнакоў, і дзяўчат было прыкладна па-роўну. У нашай спецыяльнасці многа розных падвідаў, таму дыплом дазваляе працаваць на вельмі розных прадпрыемствах. Там, дзе былі больш вузкія спецыяльнасці, юнакоў было больш. Скажу так: з-за складанасці вучобы ў аднолькавай колькасці адлічваліся і адны, і другія.

— Каму параіце звярнуць увагу на гэтую ці падобныя ёй спецыяльнасці Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта?
— Цікаўнаму чалавеку, у сферу інтарэсаў якога ўваходзіць хімія. Хто разумее, што гэтая навука даволі непрадказальная і гатовы да розных яе сюрпрызаў. Да таго ж, трэба мець адпаведны склад розуму, хутка прымаць правільныя рашэнні, выходзіць з непрадбачаных сітуацый. У гэтым выпадку выбар не расчаруе і на працу будзеце хадзіць заўсёды з задавальненнем.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Кацярыны Масік.