Суббота, 18 сентября 2021

Выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пасёлку Сонечны ў рамках экалагічнай акцыі пасадзілі дрэўцы

324

Вясна — самы час для азелянення. Але калі ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць не толькі тыя, для каго навядзенне парадку — іх работа, ёсць шанец захаваць добрыя традыцыі, выхаваць экала-гічную культуру, а таксама прыцягнуць увагу да праблем навакольнага асяроддзя.


«Пасадзі дрэва» — акцыя пад такой назвай у рамках прафілактычнага праекта «Пружаны — здаровы горад» была арганізавана напрыканцы красавіка райвыканкамам. І зусім невыпадкова, што яе ўдзельнікамі сталі дзеці — выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пасёлку Сонечны.


Невялічкі сямейны сад быў закладзены і па вуліцы Кастрычніцкай, дзе ў ролі мамы-выхавальніцы працуе Алена Карачун. Сёння пад апекай жанчыны знаходзіцца сямёра прыёмных дзяцей.


«Можна шмат павучаць, даваць парады, тлумачыць, што добра, а што кепска, але няма лепшага сродку для навучання дзяцей, чым уласны прыклад, — гаворыць Алена Вітальеўна. — У гэтай акцыі я бачу намнога большы сэнс, чым проста выхаванне беражлівага стаўлення да прыроды. Дрэва спакон веку з’яўлялася сімвалам духоўнай культуры чалавека, а ў выніку — кожнага асобнага роду. У выніку сёння сувязь цэлых пакаленняў адлюстроўваюць у выглядзе радавога дрэва. Мне хочацца, каб дзеткі, якія абжыліся ў нашым доме, адчувалі сябе паўнавартаснымі членамі адной вялікай сям’і, стаўшы галінкамі яе радавога дрэва».


Акрамя таго, маладыя саджанцы з’явіліся і на тэрыторыі дзіцячага дома сямейнага тыпу Нежыўцоў, што па вуліцы Р.Шырмы.
Дрэўцы ў рамках акцыі саджалі і ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, дзе на той момант часовы прытулак атрымалі 12 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).