Воскресенье, 20 июня 2021

Адрасы пераможцаў. Дэлегацыя завітала да ветэрана Івана Алякумава

1 266

Напярэдадні вялікага і светлага свята – Дня Перамогі – ні ў якім разе немагчыма пакінуць па-за ўвагай ветэранаў. Гэтыя людзі ў далёкім 1945-м прынеслі нам мір. Сёння да іх скіраваны словы віншаванняў і шчырай падзякі.


Ветэранаў, удзельнікаў і інвалідаў вайны, працаўнікоў фронту наведала прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўцом.


Мікалай Пятровіч выказаў пашану кожнаму з людзей, дзякуючы якім мы сёння жывём, дзякуючы якім існуе наша краіна. У тым ліку, гэта і ветэран вайны, інвалід ІІ групы Іван Міхайлавіч Алякумаў (на здымку). У свой час былы франтавік сам з ахвотай прымаў удзел у грамадска-значных мерапрыемствах, шмат намаганняў аддаў патрыятычнаму выхаванню моладзі.


Віншаванні прагучалі таксама ад дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Н.Г.Педчанка і ваеннага камісара Пружанскага раёна К.У.Шаўчэнкі. Невялікую музычную праграму падрыхтавалі баяніст Палаца культуры Міхаіл Шанюк, салісткі Таццяна Паласьмак, Кацярына Цяжолава і Карына Шаманава.

Кожнаму з дзесяці ветэранаў, якія пражываюць сёння ў горадзе, былі ўручаны прадуктовыя наборы ад гандлёвай сеткі “Еўраопт” і падарункі ад ТАА “Група кампаній “Нятканы свет”, малочнага камбіната, кансервавага завода, камбіната кааператыўнай прамысловасці і Аранчыцкай птушкафабрыкі.

Не засталіся без віншаванняў і падарункаў ветэраны, якія пражываюць у вёсках. Да іх завіталі дэлегацыі на чале са старшынямі сельвыканкамаў.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота з архіву рэдакцыі.