Суббота, 18 сентября 2021

Адрасы пераможцаў. Ветэраны працягваюць прымаць віншаванні. З Днём Перамогі!

1 128

Бадай, з найбольшым хваляваннем Дня Перамогі чакаюць яго галоўныя героі — ветэраны. На Пружаншчыне іх цяпер усяго 21 чалавек: былыя франтавікі, партызаны, а таксама вязні, працаўнікі тылу, блакаднікі. Вядома, у сілу свайго ўзросту і эпідэміялагічных абмежаванняў не кожны з іх заўтра будзе прымаць удзел у святочных мерапрыемствах і мітынгах, якія пройдуць у розных кутках раёна. Але пра іх па-ранейшаму памятаюць, паважаюць, а іх подзвіг сапраўды шануюць.


На гэтым тыдні прадстаўнікі грамадскасці праехалі па адрасах пераможцаў.


Якраз шостага мая, калі да Івана Карсака з аг.Калядзічы завіталі госці, ветэран адзначаў сваё 90-годдзе. Акрамя родных, з памятнымі падарункамі і шчырымі пажаданнямі да пенсіянера прыехалі прадстаўнікі ААТ «Агра-Калядзічы», раённага савета ветэранаў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і райкама прафсаюза работнікаў АПК.


Іван Аляксеевіч узгадвае, што вайна ў адзін момант кардынальна змяніла жыццё сям’і Карсакоў. Бацька, які служыў на аэрадроме ў Купліне, яшчэ ў першыя дні нападу немцаў быў цяжка паранены і неўзабаве памёр. Так дзесяцігадовы Іван аказаўся старэйшым мужчынам у сям’і. Жыццё ў акупацыі было для яго сапраўдным выпрабаваннем на мужнасць і смеласць. Падлетак стаў партызанскім сувязным. «Вось на гэтым падворку стаяла клуня, якая з’яўлялася месцам збору партызанаў, — паказвае пенсіянер на суседскі падворак.

— У мяне былі зусім няхітрыя задачы: то лістоўкі распаўсюдзіць, то перадаць запіску з важнай інфармацыяй у партызанскі атрад ці адтуль у вёску… Ці баяўся я? Ніколькі! Страху не было, напэўна, у сілу ўзросту». Але рызыкаваў не толькі сваім жыццём: каб юнага сувязнога выкрылі, смерць чакала б і ўсю сям’ю. Але, як сам прызнаецца, у той час ён не мог інакш.


Лічы, усё свядомае жыццё Іван Аляксеевіч правёў у Каля-дзічах. Непадалёку ад бацькоўскай хаты паставіў сваю, асобную. Жыць і працаваць імкнуўся так, як падказвала сумленне. Абраў сабе, бадай, самую шануемую ў пасляваенны час справу — скончыў школу будаўнікоў. «Куды ні гляну ў вёсцы, шмат да чаго меў непасрэднае дачыненне: будаваў фермы, жыллё для калгаснікаў, аднаўляў сталоўку, млын…», — зазначае суразмоўца.


Летась мужчына аўдавеў: у шчаслівым шлюбе ён пражыў не адзін дзясятак гадоў, адгуляў нават брыльянтавае вяселле. Цяпер не даюць засумаваць дзеці, унукі ды кот, якога Іван Аляксеевіч называе сваім лепшым сябрам.

З чарговай гадавінай Вялікай Перамогі віншаванні прымаў і жыхар Смаляніцы Аляксандр Амяльянец.


Успамінаючы пра жыццё пад акупацыяй, як вайна рабіла дзяцей дарослымі не па гадах, пенсіянер выцірае слязу. Страх, цяжкая праца, палаючыя вёскі… Усе ўбачаныя падчас вайны жахі, здаецца, і сёння жывуць ва ўспамінах ветэрана. Сур’ёзна выпрабоўваць сваю ўдачу Аляксандру Міхайлавічу давялося ўжо пасля таго, як акупантаў прагналі з беларускай зямлі. «Гэта быў час, калі скідак на ўзрост нікому не рабілі. Хто быў на год старэйшы за мяне, адпраўлялі ў вучэбку і накіроўвалі пад кітайскую мяжу. Мне ж тады споўнілася ўсяго шаснаццаць. У мяне была іншая вучоба — на мінёра», — расказвае А.М.Амяльянец. Дарэчы, нельга сказаць, што размініраванне раёна для ветэрана прайшло зусім бясследна: асколак ад выбухнуўшага снарада ўсё-такі знайшоў яго.


Пра тое, што Аляксандр Амяльянец, які расчышчаў беларускую зямлю ад мін, таксама з’яўляецца ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, даведаўся выпадкова — толькі ў 1980-х гадах. Так, крыху больш як трыццаць гадоў таму з дапамогай архіўных дакументаў змог пацвердзіць сваё дачыненне да агульнай Вялікай Перамогі.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).