Пятница, 17 сентября 2021

Стагоддзе плюс адзін год. Ветэран Мікалай Ляхоцкі сёння святкуе дзень нараджэння!

912

Па традыцыі самыя цёплыя, шчырыя віншаванні ў гэтыя майскія дні прымаюць людзі, дзякуючы якім сёння мы жывем пад мірным небам. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў дамах, пазначаных чырвонай зорачкай, прадстаўнікі ветэранскіх і грамадскіх арганізацый, прафсаюзных аб’яднанняў, працоўных калектываў — частыя госці. І хаця з кожным годам такіх адрасоў, на жаль, становіцца ўсё менш, на Пружаншчыне яшчэ ёсць да каго зазірнуць з букетам чырвоных цюльпанаў і віншаваннямі.


Сустракалі гасцей і ў доме Ляхоцкіх. Для гэтай сям’і трэці месяц вясны — асаблівы: сёмага мая галава сям’і адзначае свой дзень нараджэння (сёлета — ужо 101-ы!), а дзявятага — Дзень Перамогі, да набліжэння якой ён меў самае непасрэднае дачыненне.


У сваім паважаным узросце Мікалай Іванавіч можа паскардзіцца на што заўгодна, але толькі не на памяць, багатую на ўспаміны — як радасныя, прыемныя, так і сумныя, жудасныя, а часам нават неверагодныя і недарэчныя. Памятае ветэран і свой франтавы шлях.
Мікалай Ляхоцкі стаў салдатам у вызваленчым для яго роднай Беларусі 1944 годзе. Мабілізацыя, вучэбка… Не паспеў толкам навучыцца абыхо-дзіцца са зброяй — як ужо на перадавую.
Падчас нашых сустрэч з ветэранам самымі хвалюючымі для яго нязменна заставаліся ўспаміны: як у барацьбе за мірнае неба для нашчадкаў даводзілася глядзець у вочы смерці. Напрыклад, ён ледзь застаўся жывым і падчас аднаго з баёў пры вызваленні Польшчы. Гэты эпізод з франтавой біяграфіі, расказаны Мікалаем Іванавічам, прымушае паверыць у тое, што ёсць людзі, якім спрыяюць зоркі.

«Бой быў складаны: мы з цяжкасцю прарвалі варожую абарону. Толькі сабраліся ў паўразбуранай хатцы адпачыць, а ў камандзіра ўзвода — новы загад. Мусілі выйсці на вуліцу, і раптам — выбух. Ды такі, што ад хаціны нічога не засталося, — расказваў М.І.Ляхоцкі. — Асколак міны дастаў і мяне. Праўда, толькі лёгка чыркнуў па спіне і прабіў кацялок».


Нямала кіламетраў кулямётчык пяхотных войскаў прайшоў па Усходняй Прусіі. І зноў быў паранены. На гэты раз яго ўратавала брытва, якая ляжала ў кішэні ватоўкі, — у яе і трапіла куля. У медсанбаце яе па частках даставаў з цела ўрач. Вестку аб доўгачаканай Перамозе сустрэў ужо ў шпіталі.


У Пружаны Мікалай Ляхоцкі вярнуўся летам 1945-га. Пазнаваў і не пазнаваў горад — разбіты, спалены, бязлюдны. Цудам застаўся цэлым родны дом, у якім яго чакала жонка. У мірным жыцці заняўся не менш пачэснай справай: больш за трыццаць гадоў працаваў у аддзяленні «хуткай дапамогі». Дарэчы, пра мірнае жыццё Мікалай Іванавіч любіць расказваць больш: пра сям‘ю, пра працоўныя будні, як аднаўляліся родныя Пружаны і набывалі сучаснае аблічча.

На пытанне гасцей пра свой сакрэт даўгалецця ветэран звычайна расказвае пра недарэчнасць, якая з ім здарылася:


— Мяне ж ужо было «пахавалі». У «раёнцы» быў змешчаны спіс жыхароў Пружаншчыны, якія загінулі пры вызваленні Польшчы. Я зацікавіўся: раптам сустрэну знаёмае прозвішча? А прачытаў… сваё. Патэлефанаваў аўтару, М.А. Шульману: маўляў, я ж на самой справе жывы! Міхаіл Аркадзьевіч патлумачыў, што гэта архіўныя дадзеныя, і шчыра папрасіў прабачэння за чужую памылку. Тады я падумаў: значыць, буду жыць доўга — за тых, хто не вярнуўся з поля бою…
Марына Вакульская. Фота Кацярыны Масік.