Четверг, 25 апреля 2024

Наводзіць прыгажосць на сядзібе і… складае вершы. Урач Аляксей Кісель расказаў, чым займаецца на заслужаным адпачынку

1 191



Пасля вымушанага перапынку падчас першай і другой хвалі пандэміі творчы гурт “Нам гады не бяда” зноў выйшаў на сцэну. На гэты раз героем свята, арганізаванага ў малой зале Палаца культуры, стаў урач, былы загадчык інфекцыйнага аддзялення Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы А.М. Кісель.

Па традыцыі, як і іншых герояў падобных мерапрыемстваў, Аляксея Міхайлавіча сустрэлі прыгожым караваем, букетам кветак і шчырымі апладысментамі. Людзей у зале было няшмат, калі параўноўваць з ранейшымі імпрэзамі. Аднак можна быць упэўненым, што кожны з прысутных прыйшоў сюды з самымі цёплымі пажаданнямі Доктару з вялікай літары.


Адкрываючы свята, кіраўнік гурта Святлана Несцерава сказала шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас усіх урачоў, якія цяпер, ва ўмовах пандэміі, знаходзяцца, як на сапраўдным фронце, на пярэднім краі барацьбы за жыццё і здароўе людзей.

Аляксей Міхайлавіч расказваў пра сябе сціпла, нешматслоўна. Нарадзіўся ён у 1942 годзе. З маленства зведаў, што такое ваеннае ліхалецце, голад і холад акупацыі, не па-дзіцячаму цяжкая праца ў пасляваенныя гады. “Калі б ні свая карова,— успамінаў доктар,— мы наўрад ці выжылі б”. Як многія хлопчыкі таго часу, натхнёныя гераізмам сваіх старэйшых таварышаў, Аляксей марыў стаць афіцэрам. Аднак у ваеннае вучылішча яго не ўзялі па стане здароўя. Вырашыў пайсці ў медыкі. Але ў медінстытут падаваць дакументы пабаяўся: патрэбна было ведаць нямецкую мову. А як вучылі ў той час варожую мову? Пайшоў у медвучылішча, вечарамі падпрацоўваў санітарам на станцыі хуткай дапамогі. Пасля заканчэння вучылішча быў накіраваны на працу ў сельскі ФАП.


Потым былі служба ў арміі, вучоба ў Гродзенскім медінстытуце. На першым яго курсе Аляксей Міхайлавіч сустрэў сваю Тамару Канстанцінаўну, з якой разам у любові і згодзе пражылі 55 гадоў. У Пружаны яны прыехалі па размеркаванні ўжо з маленькім сынам на руках. Добрым словам узгадаў доктар сваіх тагачасных калег-урачоў Г.С.Лапко і М.І.Самасюка, якія сталі для яго сапраўднымі настаўнікамі.

Якія б пасады ні займаў Аляксей Міхайлавіч у раённай бальніцы і паліклініцы, яго называлі выдатным спецыялістам урачэбнай справы, умелым кіраўніком, чулым калегам, да якога заўсёды звярталіся па параду.


35 гадоў А.М.Кісель адпрацаваў загадчыкам інфекцыйнага аддзялення. Пачынаў у нялёгкія гады. “Абсталявання ў бальніцы было мала, усё патрэбна было даставаць,— расказвае пра той час Аляксей Міхайлавіч.— Гэта ўжо потым стала больш літаратуры, можна было пракансультавацца, калі з’явіцца патрэба…”


Думаеце, інфекцыйнае аддзяленне – гэта толькі грып і ангіна? І гемарагічныя ліхаманкі ў Пружанах былі, і ліхаманка Эбола, і эпідэмія жаўтухі… Нават трапічную малярыю, здарылася, прывезлі з Афрыкі. Спецыяльна для гэтага пацыента па патрабаванні загадчыка аддзялення дастаўлялі лекі самалётам з далёкага Забайкалля. Выратавалі!


Грамат і падзяк за сваю працу ў аддзяленні атрымлівалі нямала. Пружанскія інфекцыяністы нават атрымалі падзяку за выдатную работу супрацьчумнага шпіталя, які па зададзеных умовах вучэнняў па грамадзянскай абароне быў разгорнуты ў вёсцы Ткачы…

Адзін за адным з падарункамі і кветкамі выходзілі на сцэну медыкі Вера Перунова і Святлана Казлоўская, якія адпрацавалі з доктарам шмат гадоў, Жанна Ісакава, Валянціна Грышкевіч, Вольга Барысюк… Удзячнасць выказалі віноўніку ўрачыстасці старшыні раённай і гарадской ветэранскіх арганізацый Уладзімір Яцкевіч і Аляксей Радзівончык. Хвалюючыя словы прагучалі ад родных — Тамары Канстанцінаўны, пляменніка Міхаіла і яго жонкі Людмілы. На жаль, сын, які, дарэчы, як і бацька, таксама выбраў прафесію ўрача і працуе цяпер галоўным урачом абласной МРЭК, прыехаць на свята не змог.

— Цікава, а чым займаецца ўрач на заслужаным адпачынку?—усміхнуўшыся, запыталася Святлана Несцерава.


І Аляксей Міхайлавіч з ахвотай расказаў, што піша вершы – любімае хобі яшчэ з юнацтва. Шмат клопатаў аддаюць Кісялі свайму дому. Іх сядзіба па вуліцы Леніна ў Пружанах ужо тры разы называлася ў ліку пераможцаў у конкурсе на лепшы падворак.

Свята атрымалася цёплым і сардэчным. Для гэтага, безумоўна, прыклалі шмат намаганняў самадзейныя артысты. Песні ў выкананні Анатоля Галяшчыхіна пад акампанемент Тамары Юшчук, гумарыстычныя сцэнкі Марыі Панкратавай, Аляксандра Прымачэнкі і Міхаіла Чайкова, вершы Святланы Несцеравай і Людмілы Нагорнай нікога не пакінулі раўнадушнымі.


Цяпер клуб “Нам гады не бяда” рыхтуе для гараджан новую сустрэчу. Цудоўных людзей, пра якіх трэба расказваць іншым, у Пружанах нямала.
Ганна Хадаровіч.