Воскресенье, 20 июня 2021

Што паказаў маніторынг школьнага харчавання? На пытанні журналіста адказвае галоўны санітарны ўрач Кацярына Папко

2 232

Паўнавартаснае збалансаванае харчаванне — найважнейшая ўмова для нармальнага функцыянавання чалавечага арганізма, асабліва ў перыяд яго росту і развіцця. Таму забеспячэнне якаснай і бяспечнай ежай дзяцей — адна з прыярытэтных задач, якая стаіць перад установамі адукацыі.


Як яе вырашаюць у нашым раёне, паказаў нядаўні маніторынг, які праводзіўся спецыялістамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Пра яго вынікі — у нашай гутарцы з галоўным санітарным урачом раёна К.А.Папко.


— Кацярына Анатольеўна, давайце адразу пачнем з канкрэтных лічбаў: колькі наглядных мерапрыемстваў за гэты год было праведзена вашымі спецыялістамі і колькі парушэнняў выяўлена?
— Сёлета ўжо праведзена 53 наглядныя мерапрыемствы на харчаблоках устаноў адукацыі, у выніку якіх было выяўлена 28 парушэнняў патрабаванняў санітарна-эпідэмічнага заканадаўства на 23 харчаблоках. У прыватнасці, у Шарашоўскім дзіцячым садзе №13 выкарыстоўвалася апрацоўчая дошка з расколінамі. У Магілявецкім ВПК адсутнічала маркіроўка аб даце адкрыцця малака. У Хараўской СШ у складскім памяшканні харчаблока халадзільнае абсталяванне было з прыкметамі забруджвання. У Хараўскім дзіцячым садку № 34 адсутнічала вадкае мыла ў дазатары варачнага цэха харчаблока, рыба, расфасаваная ў поліэтыленавыя пакеты, захоўвалася без маркіроўкі. У Загорскім ВПК рэалізоўваўся хлеб і батоны са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці; няякасна было праведзена мыццё касет для захоўвання сталовых прыбораў і інш.
У СШ №5 у складскім памяшканні для сыпучых прадуктаў трымалася тэмпература +25, такім чынам былі парушаны ўмовы захоўвання некаторых прадуктаў, устаноўленыя вытворцам. У Шаняўской СШ у агароднінасховішчы свежая агародніна захоўвалася пры тэмпературы + 13 градусаў, што прывяло, у прыватнасці, да псавання буракоў.

— Як Вы ацэньваеце дынаміку выяўленых парушэнняў на харчаблоках ва ўстановах адукацыі за апошнія некалькі гадоў?
— У цэлым адзначаецца станоўчая дынаміка: з 69,2% харчаблокаў з парушэннямі ў 2019 годзе да 40,2% — у мінулым годзе.

— Як вядома, ва ўстановах адукацыі харчаванне дзяцей ажыццяўляецца ў адпаведнасці з прыкладнымі двухтыднёвымі рацыёнамі. Пры іх складанні прадугледжваецца неабходная энергетычная каштоўнасць, збалансаванасць пажыўных рэчываў і вітамінаў. Хто сочыць, каб выконваліся натуральныя нормы?
— Пастаянны кантроль вядуць нашы спецыялісты. Парушэнні выяўляліся і ў 2019, і ў 2020-м гадах амаль па ўсіх асноўных прадуктах, у тым ліку па агародніне, садавіне, соках, малаку і кісламалочных прадуктах, што не паддаецца ніякаму тлумачэнню. Напрыклад, у сакавіку мінулага года практычна ў палове ўстаноў адукацыі ў рацыёне ўключалася недастатковая колькасць садавіны.
Але за мінулы перыяд 2021 года падобныя выпадкі не выяўляліся.

— Забеспячэнне выхаванцаў і навучэнцаў устаноў адукацыі якасным харчаваннем не ў апошнюю чаргу залежыць ад матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў. Вы валодаеце статыстыкай па гэтым пытанні?
— Вядома. Пачынаючы з 2019 года, праведзены капітальны рамонт харчаблока СШ № 1, бягучы рамонт харчаблока Магілявецкага ВПК, рамонты вентыляцыйных сістэм на харчаблоках 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У цяперашні час рыхтуецца праект рэканструкцыі харчаблока СШ № 3.
Але варта заўважыць, што таксама неабходны рамонт у Навазасімавіцкім дзіцячым садку, у Хараўской СШ, у Шчарчоўскім ВПК, у гарадскіх дзіцячых садках № 1 і № 4. Таксама мае патрэбу ў правядзенні рамонту сталовая ААТ “Шані-аграпрадукт”, якая забяспечвае харчаваннем навучэнцаў мясцовай школы.

— Дзе, на думку санітарных службаў, неабходна замяніць тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне?
— Заўважу, што для харчаблокаў 17 школ раёна ўжо набыта 33 адзінкі халадзільнага абсталявання, для 16 школ — 42 адзінкі тэхналагічнага абсталявання. Таксама набыта восем адзінак цеплавога абсталявання, дзве працірачна-резачныя машыны і інш. Рэгулярна абнаўляецца інвентар, кухонны і сталовы посуд.
Разам з тым, Шарашоўскай, Ружанскай і Параслянскай школам, а таксама гімназіі рэкамендавана набыццё параканвекцыйных печаў (параканвектаматаў), якія дазваляюць вырабляць да 70% усіх верагодных аперацый па цеплавой апрацоўцы прадуктаў.
Неабходна замена зношаных мыйных ваннаў у буфетнай Калазубскага дзіцячага садка і вырашэнне пытання па выкарыстанні мэблі з гігіенічным пакрыццём у абедзенных залах СШ № 3 і № 5, а таксама гімназіі.

— На бяспеку харчавання не ў меншай ступені ўплывае захаванне дзецьмі правілаў асабістай гігіены. Ці ва ўсіх установах адукацыі створаны належныя ўмовы для гэтага? Да слова, гарачая вада ў рукамыйніках ля ўваходаў у абедзенныя залы — гэта базавы мінімум.
— Сапраўды, у некаторых установах і гэты мінімум не забяспечаны. У прыватнасці, у СШ № 4 неабходна абсталяванне месцаў для мыцця рук ля ўваходу ў абедзенную залу, паколькі бліжэйшыя рукамыйнікі знаходзяцца ў санвузлах у процілеглым канцы калідора. Іх выкарыстанне перад прыёмам ежы навучэнцамі ігнаруецца.

— А як абстаяць справы з гарачым харчаваннем?
— На сёння ахоп гарачым харчаваннем у сельскіх школах складае 100%, у гарадскіх — 99,4%.
Паказальна, што ў раёне мы не рэгістравалі групавых захворванняў кішэчнымі інфекцыямі сярод дзяцей у арганізаваных калектывах, што, безумоўна, сведчыць у тым ліку і пра рэгулярна праводзімую санітарнымі службамі раёна работу па паляпшэнні якасці харчавання ва ўстановах адукацыі.
Гутарыла Алеся Смайлік. Фота Кацярыны Масік.