Воскресенье, 20 июня 2021

Доследная станцыя завяршыла пасадку бульбы. Асноўная задача — вырошчванне насеннага матэрыялу для гаспадарак вобласці

792

Бульба – па-сапраўднаму ўнікальная культура. Без яе проста немагчыма ўявіць стол беларусаў. За шмат гадоў наш народ назапасіў нямала рэцэптаў страў з «другога хлеба» і выдатна вывучыў тэхналогію яго вырошчвання. Добра ведаюць яе і спецыялісты абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі НАН Беларусі.

У гэтым сезоне пад бульбу прадпрыемства адвяло 40 гектараў. Па словах загадчыка аддзела бульбаводства А.І.Карпяша, плошчу пасадкі вырашылі зменшыць на 10 га ў параўнанні з леташняй. Як часта бывае, у тэрміны правядзення работ умяшалася надвор’е: да пасадкі бульбы прыступілі толькі 26 красавіка. Таму давялося працаваць у паскораным тэмпе.


— Бульба, як і многія іншыя расліны, не любіць холаду. Таму пасадку мы пачалі тады, калі глеба прагрэлася да 7-8 градусаў. Высаджваем сарты беларускай селекцыі: “уладар”, “зорачка”, “першацвет”, “брыз”, “скарб”, “нара”, “вектар”, “маніфест”, “здабытак”, — кажа Анатоль Іванавіч.

У панядзелак пасадка бульбы на доследнай станцыі была завершана. Сярод тых, хто шчыраваў на полі, – механізатар з дыпломам агранома Аляксандр Віштак. Мужчыну мы засталі каля в.Кулікі акурат тады, калі ён на бульбасаджалцы СК-4 высаджваў сорт “скарб”.

— На доследнай станцыі працую ўжо амаль 15 гадоў. Не ўпершыню саджу і бульбу. План на дзень – 5-6 гектараў. Палі нашага прадпрыемства знаходзяцца як у Куліках, так і ў межах горада. Побач са мной працуюць аграном і рабочы па абслугоўванні тэхнікі, — падзяліўся Аляксандр Аляксандравіч.

Нагадаем, што асноўная задача бульбаводаў доследнай станцыі — вырошчванне насеннага матэрыялу для гаспадарак вобласці. Частку ўраджаю адпраўляюць і ў гандлёвыя сеткі.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).