Сёлета ў ім прымае ўдзел 79 каманд практычна з усіх куткоў Беларусі. На першым — абласным этапе каманды падзелены на шэсць дывізіёнаў па геаграфічным прынцыпе (у адпаведнасці з абласным дзяленнем). У сваю чаргу, Брэсцкі, Віцебскі і Мінскі дывізіёны разбіты на дзве падгрупы. Па дзве лепшыя каманды з Гомельскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей, тры лепшыя з Брэсцкай і пяць — з Мінскай і будуць гуляць у фінальным этапе: 16 каманд сфарміруюць 8 пар для матчаў 1/8 фіналу па фармату “дома і на выездзе” праз сляпы жрэбій. Далей пераможцы выйдуць у 1/4 фінала, дзе разыграюць па сістэме “гульні на выбыванне” месцы з першага па восьмае.
Каманда “Пружаны” прымае ўдзел у зоне “Захад” Брэсцкай вобласці, у якой таксама знаходзяцца каманды “Ніва” (Далбізна), “Атлант” (Кобрын), “Маларыта”, “Еўраэкспарт”(Высокае), “Крэчат” (Бяроза), “Брэстжылбуд” (Брэст), “Юнацтва” (Драгічын).
Першага мая пружанскія футбалісты правялі сваю першую гульню з кобрынскім “Атлантам”. Гульцы сустрэліся ў Пружанах на стадыёне “Мухавец”. Абедзве каманды выйшлі на гульню з добрым баявым настроем.
Барацьба, падчас жорсткая, працягвалася з першай па апошнюю мінуту, але пружанцам не ўдалося адолець сапернікаў: каманда з Кобрына паказала большую зладжанасць. “Пружаны” прайгралі з лікам 0:3.
Старт пружанскай каманды пракаментаваў яе галоўны трэнер Юрый Уладзіміравіч Манцэвіч: “ У першым тайме мінімальна саступілі 0:1, але гульня была нароўных, у другім тайме фізічна “падселі”, і я вырашыў даць пагуляць астатнім, пачаў выпускаць на замену іншых гульцоў, але ўзмацніць гульню яны не змаглі. Мы не трэніраваліся, а кобрынцы да гэтага прымалі ўдзел у некалькіх турнірах. Таксама праблема ў камплектаванні каманды: не адразу ўдалося заявіць усіх футбалістаў праз сістэму COMET, не ўсе сабраліся на першую гульню. За каманду выступалі гульцы з Ружан, Пружан, Лінова, Бярозы”.
Другі тур чэмпіянату адбудзецца 15 мая ў Маларыце. Пажадаем пружанскай камандзе поспеху.
Валерыя АДАМЧУК, студэнтка журфака БДУ.
Фота аўтара і Вадзіма Хаманенкова.