Воскресенье, 20 июня 2021

У райвыканкаме: павысіць кантроль якасці паслуг

295

30 красавіка, падчас чарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, быў разгледжаны шэраг сацыяльна-эканамічных пытанняў. Удзел у пасяджэнні, якое прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама С.М.Гука, прынялі старшыня камітэта “Брэстаблмаёмасць” П.П.Манько і першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь П.М.Броўкін.

Інфармацыю аб стане ўладальніцкага нагляду ў адкрытых акцыянерных таварыствах з доляй дзяржавы давяла прысутным начальнік аддзела эканомікі райвыканкама І.Д.Ліхтаровіч. Яна адзначыла, што на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца 17 гаспадарчых таварыстваў з доляй Пружанскага раёна (у тым ліку з доляй дзяржавы больш за 50% — 9 таварыстваў). Па стану на красавік бягучага года інтарэсы дзяржавы ў гэтых таварыствах прадстаўляе 15 службовых асоб.


Асноўнымі паказчыкамі эфектыўнасці кіравання ўкладаннямі дзяржавы ў камерцыйныя арганізацыі з’яўляецца іх аддача ў выглядзе дывідэндаў у бюджэт і змяненне велічыні капіталізацыі. Па выніках работы за 2020 год дывідэнды выплачвае 10 таварыстваў. У бюджэт пералічана ўся належачая для пералічэння сума ў памеры звыш за 475 тысяч рублёў. Тэрмін уплаты быў парушаны толькі ААТ “Пружанскае”. Найбольшае паступленне дывідэндаў забяспечыла ААТ “Пружанскі льнозавод” – каля 379 тысяч рублёў ці 79,7% ад усёй паступіўшай у раённы бюджэт сумы.

Акцэнт на павышэнні якасці прадастаўляемых паслуг насельніцтву зрабіў дырэктар КУВП “Камунальнік” С.В.Бабрук у дакладзе аб рабоце прадпрыемства. Гаворачы пра цеплазабеспячэнне, ён адзначыў, што ў 2020 годзе было перакладзена 7,7 км зношаных цеплавых сетак, выкананы капітальны рамонт кацельнага абсталявання ў Мураве, Янаўшчызне, Крыніцы, Шарашэве (сярэдняя школа). Рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў дазволіла знізіць страты цеплавой энергіі да 10%.
Таксама дакладчык спыніўся на неабходнасці забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой і прывёў адпаведныя лічбы. Напрыклад, у мінулым годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў аграгарадках Кабылаўка і Калядзічы, вёсцы Слабудка. У дадзены момант цэнтралізаваным водазабеспячэннем карыстаецца 93,2% спажыўцоў раёна.


А кажучы пра жыллёвы фонд, нагадаў пра недапушчэнне пагаршэння яго тэхнічнага стану. З гэтай нагоды ў 2020 годзе “Камунальнікам” было адрамантавана звыш 2 тысяч кв.м дахавага пакрыцця, 1200 м.п. стыкаў сценавых панэляў, звыш 15 фасадаў жылых дамоў. На бягучы рамонт жылых дамоў у мінулым годзе накіравана звыш 364 тысяч рублёў, за першы квартал бягучага года – 35,8 тысяч рублёў.

Справаздачу аб выкананні Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016-2020 гады ў Пружанскім раёне трымала намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама С.В.Супрыновіч. Была звернута ўвага на тое, што аддзелам па адукацыі, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і падведамаснымі ўстановамі забяспечана выкананне 15 з 19 мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы. Былі не выкананы паказчыкі па ахопу дзяцей і моладзі дадатковай адукацыяй, па сярэдняй напаўняльнасці класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў гарадской мясцовасці, а таксама па ахопу маладых людзей відамі працоўнай дзейнасці. Наогул жа, работа па выкананні Дзяржпраграмы была пры-знана здавальняючай.
Галіна Каляда. Фота Кацярыны Масік.