Суббота, 18 сентября 2021

Гісторыя з фатаграфіяй. Першамай. Сувязісты збіраюцца на дэманстрацыю

1 335

Яшчэ адзін памятны першамайскі фотаздымак. 1965 год. Лавачка на двары раённага вузла сувязі. Надпіс сведчыць, што гэта месца для курэння, але зараз курцоў пацяснілі жанчыны з дзецьмі.


Вясёлыя ўсмешкі, лёгкія габардзінавыя паліто, новыя туфлі, нават капронавыя пальчаткі… Колькі памятаю тагачасных работніц вузла сувязі, дзе працавала мама, яны заўсёды вылучаліся элегантнасцю. Ці, можа, мода тых гадоў спрыяла?


Тады яшчэ прадпрыемства не падзялілі на пошту і электрасувязь: у адзіным калектыве займаліся і прыёмам-перадачай тэлеграм, і дастаўкай карэспандэнцыі, і забеспячэннем тэлефонных размоў.

Нягледзячы на вялікую колькасць абавязкаў і спецыяльнай апаратуры, дружна размяшчаліся ў адным двухпавярховым будынку па вуліцы Чырвонаармейскай. Гэта ўжо намнога пазней «прыбудавалі» да яго офіс вузла электрасувязі.


Злева направа на здымку сядзяць Аляксандра Ільяшэвіч з дачкой Галяй, мы з мамай Таісіяй Сакаловай, Валянціна Нітачкіна, Кацярына Грышчанка, Таццяна Бурачонак, стаіць нязменны прафарганізатар на працягу многіх гадоў Вольга Паўлюковіч.
Ірына СЯДОВА.