Пятница, 18 июня 2021

Вучні Хараўской СШ перамаглі ў раённых спаборніцтвах юных інспектараў дарожнага руху і рыхтуюцца да абласнога этапу

1 592

Іх не спалохаць экзаменам па медыцынскіх ведах, а з тэстам па ПДР яны спраўляюцца хутчэй, чым некаторыя дарослыя. Раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху сабраў у мінулую суботу школьнікаў, якія з дзяцінства вывучаюць і, што важна, выконваюць правілы бяспекі. Пляцоўкай для правядзення мерапрыемства традыцыйна стала СШ №5.


Калі летась конкурс не адбыўся з-за эпідсітуацыі, то сёлета ўдзельнікамі сталі каманды з дзевяці школ раёна. Акрамя атрадаў з СШ №1, СШ №3 і гімназіі, канкурэнтамі былі вучні са Слабадской, Ружанскай, Хараўской, Кляпацкай, Мураўскай СШ і Навасёлкаўскага ВПК д/с-СШ.


Злёт складаўся з пяці выпрабаванняў. Не было ў праграме толькі конкурсу на ваджэнне веласіпеда ва ўмовах, аналагічных рэальнаму дарожнаму руху. А вось фігурнае ваджэнне веласіпеда выклікала непадробную цікавасць у юных інспектараў, якім трэба было праехаць на двухколавым сябры своеасаблівую паласу перашкод. Лепш за ўсіх з гэтым заданнем справіліся вучні Мураўскай СШ. У індывідуальным заліку вызначыліся Васіль Карпук і Аляксандра Люкевіч з гэтай навучальнай установы, а таксама Арцём Дзялец
(СШ №1) і Паліна Ліцкевіч (Слабадская СШ).


Яшчэ адно выпрабаванне – падрыхтоўка насценгазеты – паказала крэатыўнасць і творчы падыход удзельнікаў. Аднагалосна лепшай прызналі газету Хараўской СШ, больш падобную на цэлы інфармацыйны стэнд па правілах руху. У ёй нават ёсць QR-коды, якія вядуць на прафілактычныя відэа. Творчыя здольнасці ўдзельнікаў добра праявіліся і падчас агітацыйна-мастацкіх выступленняў. Ізноў лепшым стаў атрад Хараўской СШ.


Але былі ў праграме злёту і выпрабаванні інтэлектуальныя. 15 мінут давалася юным інспектарам на праходжанне тэста па Правілах дарожнага руху. Лепш за ўсіх справіліся з ім вучні з Харавы.
Сапраўдны інспектар павінен умець якасна аказаць першую медыцынскую дапамогу.

Экзамен па медыцыне ў школьнікаў прымала старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Н.А. Шчаглова. Найлепш з ім справіліся вучні Мураўскай і Хараўской СШ, якія атрымалі падарункі ад Чырвонага Крыжа.

Па выніках конкурсных выпрабаванняў першае месца заняў атрад юных інспектараў Хараўской СШ. У маі яны адправяцца прадстаўляць раён на 42-м абласным злёце. На другім месцы — Мураўская СШ, замыкае тройку атрад юных інспектараў СШ №3 г. Пружаны. Каманды-пераможцы ўзнагароджаны граматамі і падарункамі ад аддзела ДАІ Пружанскага РАУС.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота аўтара.