Пятница, 17 сентября 2021

Як музычны педагог знаходзіць агульную мову з выхаванцамі школы мастацтваў? Вопытам дзеліцца Алена Кульгаўчук

1 088


Сальфеджыа заўсёды лічылася самым складаным прадметам у школе мастацтваў. Без ведання тэорыі музыкі і яе азоў добрым музыкантам стаць немагчыма.


— Гэта адмысловая мова, дзе замест літар — ноткі, замест слоў — акорды. Без яе не распавядзеш, не праспяваеш музычную гісторыю, — кажа выкладчыца музычна-тэарэтычных дысцыплін і кіраўнік дзіцячых вакальных калектываў Шарашоўскай ДШМ Алена Васільеўна Кульгаўчук.

Мы засталі настаўніцу ў асаблівы момант: акружаная выхаванцамі жанчына развучвала з імі чарговую партыю. Мяркуючы па ўсмешках дзяцей, свой складаны прадмет яна выкладае так, што той стаў адным з любімых у маленькіх артыстаў.


— Я патлумачыла дзецям, што нотная грамата — асобная навука, якая дапамагае развіваць пачуццё рытму, музычны слых і памяць. А без гэтых складнікаў немагчыма навучыцца іграць на музычным інструменце або спяваць, — сцвярджае педагог, якога любяць дзеці і паважаюць калегі.


— Наша Алена Васільеўна — вельмі цярплівы, стрыманы спецыяліст, які валодае поўным наборам прафесійных навыкаў, — гаворыць пра настаўніцу дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Вольга Пятроўна Краўчук. — Яна арыентуецца на ўзровень ведаў і патрэбы кожнага вучня і дае той аб’ём матэрыялу, які ён можа асвоіць. Яе мяккае і ненадакучлівае навучанне дапамагае развіваць закладзеную прыродай унікальнасць у кожным дзіцяці.


Алена Кульгаўчук родам з Украіны. У свой час скончыла музычную школу па класе «Фартэпіяна», затым — музычна-педагагічны факультэт Нежынскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, заслужаныя выкладчыкі якога сталі для яе ўзорам педагога.
Пасля замужжа жанчына пераехала ў Пружаны. Некалькі месяцаў працавала ў СШ №1, а затым перавялася ў Шарашоўскую ДШМ. Менавіта тут, у пасёлку, за 25 гадоў выкладання зразумела, што з выбарам прафесіі не памылілася.


Сёння яна кіруе двума хорамі (старэйшых і малодшых класаў) і двума вакальнымі ансамблямі.


— Вядома, цяпер працаваць з дзецьмі нялёгка, — прызнаецца настаўніца. — Канкурэнцыю музычным інструментам складаюць камп’ютары, смартфоны і планшэты. Але стараюся ў гульнявой форме настройваць выхаванцаў на патрэбны лад. Балазе, методыка навучання сальфеджыа не стаіць на месцы. Я выкарыстоўваю розныя формы заняткаў: мы спяваем з мажорнымі і мінорнымі «лесвічкамі», падбіраем мелодыі на фартэпіяна, «прахлопваем» іх, вызначаем рытм і многае іншае. Разумець цудоўны свет музыкі складана. Але яно таго варта.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік.