Пятница, 18 июня 2021

У Шаняўскім сельвыканкаме прайшло пасяджэнне пункта аховы правапарадку

440

Грамадскія пункты аховы правапарадку (ГПАП) — форма аб’яднання намаганняў розных службаў, ведамстваў і неабыякавых грамадзян для аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў.

— Зразумела ГПАП, не могуць у адзін момант змяніць жыццё тых, хто трапляе ў іх поле зроку. Але, не звяртаць увагу на людзей, якія сталі на няправільны шлях, нельга. На чарговае пасяджэнне пункта аховы правапарадку Шаняўскога сельвыканкама былі запрошаны двое жыхароў аграгарадка.


У праблемах асобных сем’яў, якія жывуць у Шанях, ёсць і «заслуга» мужчыны, які прадае ім самагон. Чалавек, здаецца, і нядрэнны, але гэта не стрымлівае яго аднавяскоўцаў ад перыядычных зваротаў у сельвыканкам, адміністрацыю якога яны просяць знайсці ўправу на гандляра спіртным. Растлумачыць мужчыне, што ён аказвае дрэнную паслугу, хацелі ўжо нават з дапамогай кулакоў. Але ў сельвыканкаме — толькі за мірныя разбіральніцтвы. Апелюючы довадамі супраць такога заробку, старшыня сельвыканкама Сяргей Лапука звярнуўся да мужчыны: «Хочацца верыць, што Вы ўсё-такі знойдзеце іншы спосаб зарабіць. Такія «паслугі» не прынясуць павагу аднавяскоўцаў». Вядома, сказаць у сваё апраўданне жыхару Шаней не было чаго.

Вельмі спадзяюцца члены ГПАП, што правільныя вывады зробіць і жанчына, з якой праводзілася прафілактычная гутарка. Яна ніяк не можа зрабіць канчатковы выбар: жыць толькі з дзецьмі, але ў камфортнай, спакойнай для іх абстаноўцы, ці ўсё-такі з агрэсіўным п’яніцам-сужыцелем, які псуе іх жыццё. Акрамя таго, з-за рэгулярнай неаплаты камунальных паслуг утварылася вялікая запазычанасць перад «Камунальнікам». Жанчыне прыгразілі: калі сітуацыя ў сям’і не зменіцца, уключыць у поўнае дзеянне Дэкрэт №18 і забраць дзяцей з сям’і. У школе кажуць, што хлопчык, які выхоўваецца ў сям’і, — выдатнік, марыць вучыцца ў лепшай ВНУ краіны. Але ці зможа мама аказаць яму такую падтрымку? Члены пасяджэння перакананы, што ўсё магчыма толькі ў тым выпадку, калі жанчына возьмецца за розум. Выбар за ёй.


Праблема сённяшняга дня — электронныя махлярствы. Невыпадкова падчас пасяджэння намеснік начальніка РАУС Ю.А. Неміровіч закрануў тэму крадзяжоў грошай з банкаўскіх картак: сёння такія парушэнні заканадаўства праваахоўнікамі рэгіструюцца па некалькі на тыдзень. Юрый Анатольевіч даў слушныя парады наконт таго, як не стаць ахвярай махляроў.


«Галоўная мэта ГПАП — гэта дапамога людзям у розных жыццёвых сітуацыях, — адзначае Сяргей Іванавіч. — Іншы раз чалавек сам не можа справіцца з праблемай, а меркаванне грамадскасці і меры, прынятыя ва ўзаемадзеянні з права-ахоўнымі органамі, мясцовай уладай і прадстаўнікамі насельніцтва, дапамагаюць яму выправіць сітуацыю. Ёсць, вядома, і такія, хто толькі абяцае: працаваць, сачыць за парадкам у хаце, выконваць патрабаванні бяспекі, не станавіцца на супрацьзаконны шлях, — а самі парушаюць дадзенае слова. Таму тут вельмі важна дастукацца да свядомасці».
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).