Пятница, 18 июня 2021

Беларусам пачнуць выдаваць сертыфікат аб вакцынацыі. Медыкі звяртаюцца да жыхароў раёна з просьбай больш адказна ставіцца да свайго здароўя

2 212


Як расказала загадчыца Пружанскай паліклінікі Вольга Барысюк, на атрыманне дакумента змогуць разлічваць толькі тыя, хто зрабіў прышчэпку ўжо абедзвюма дозамі. У сертыфікат, акрамя прозвішча, імя, даты нараджэння і пашпартных даных яго атрымальніка, будуць уносіцца назва вакцыны і ўстановы, дзе была зроблена прышчэпка. Інфармацыя будзе змяшчацца на дзвюх мовах — рускай і англійскай.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, сертыфікат можна будзе атрымаць на платнай аснове па заяўленчым прынцыпе.

Мяркуецца, ён будзе запатрабаваны ў тых, хто плануе ехаць за мяжу. Кошт гэтай паслугі пакуль невядомы. Сертыфікат будзе дзейнічаць на працягу года. На месцах механізм выдачы гэтых дакументаў пакуль толькі распрацоўваецца.

Нагадаем, вакцынацыя ад каранавіруса стартавала на Пружаншчыне ў лютым. Нашы медыкі прышчэпліваюць насельніцтва вакцынай «Спадарожнік V». Да слова, сёння яе вытворчасць на базе прадпрыемства «Белмед-прэпараты». Па стане на 27 красавіка, прышчэпкі атрымала больш за 1200 жыхароў раёна. Зараз ідзе чацвёрты этап кампаніі па вакцынацыі ад COVID-19. Падчас першага вакцына прызначалася выключна работнікам медыцыны, у другі — спіс медыкаў дапоўнілі тыя, хто вымушаны працаваць у цесных зносінах з людзьмі. Сёння на вакцынацыю запрашаюцца ўсе жадаючыя: яна праходзіць на базе ўжо не толькі раённай бальніцы, але і гарадскіх у Ружанах і Шарашэве, а таксама амбулаторый агульнай практыкі.

Падчас антыкавіднай кампаніі плануецца прышчапіць не менш як 60% насельніцтва. Тыя, хто разумее важнасць выпрацоўкі так званага калектыўнага імунітэту, ды і для ўласнага спакою, ужо атрымалі сваю вакцыну. Сярод іх і пенсіянер з Ружан Аляксандр Раўнейка.
«Вельмі зручна, што з мэтай зрабіць прышчэпку не трэба ехаць у раённую бальніцу. Засмучае толькі, што не ўсе разумеюць, навошта патрэбна прышчэпка ад COVID-19, скептычна ставяцца да гэтай кампаніі, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. — Так, я таксама не лічу, што прышчэпка ад каранавіруса — гэта панацэя, але, як і прышчэпка ад грыпу, яна значна зніжае рызыку падчапіць інфекцыю, а ў выпадку, калі засцерагчыся не ўдалося, дапаможа перанесці захворванне ў больш лёгкай форме. Ведаю, што многія проста баяцца новай вакцыны. І дарэмна. Я прышчапіўся — і ніякіх змяненняў у самаадчуванні не заўважыў. Наадварот, у маім узросце, калі непакояць хранічныя хваробы, гэта неабходна зрабіць, каб засцерагчы сябе».

Якіх мер трэба прытрымлівацца пасля вакцынацыі, раскажуць медыкі. На працягу першых трох дзён, напрыклад, не рэкамендаваны празмерныя фізічныя нагрузкі, наведванне лазні і басейна. Увогуле, спецыфічны імунітэт фарміруецца на працягу як мінімум 42 дзён пасля першай ін’екцыі.

13 красавіка Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра пачатак чарговага ўздыму каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі — так званай трэцяй хвалі. Што да Пружаншчыны, Вольга Барысюк запэўнівае: сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.


— Сёння дапамога пацыентам з COVID-19 аказваецца ў інфекцыйным аддзяленні ЦРБ, частка хворых накіроўваецца ў Брэст. Па якім сцэнарыі будзе развівацца пандэмія далей, меркаваць складана: будзем рабіць вывады пасля Вялікадня і Дня Перамогі — масавыя святкаванні, сустрэчы са сваякамі і сябрамі могуць справакаваць новыя ўспышкі інфекцыі. Каб гэтага не здарылася, мы рэкамендуем усё-такі абмежаваць кола зносін.


Медыкі ведаюць, пра што гавораць. Таму звяртаюцца да жыхароў раёна з просьбай больш адказна ставіцца да свайго здароўя: выконваць масачны рэжым, не забываць пра пальчаткі і дэзынфекцыю рук, пазбягаць месцаў вялікага збору людзей і памятаць пра сацыяльнае дыстанцыраванне, а таксама вакцынавацца.


Па пытаннях вакцынацыі звяртайцеся па нумары 3-05-60.
Марына Вакульская.