Воскресенье, 20 июня 2021

Увага! Абслугоўванне ў кабінеце электракардыяграфіі ажыццяўляецца па талоннай сістэме

2 241

Многія з нас палохаюцца адной толькі думкі, што трэба будзе праходзіць медкамісію, якая прадугледжвае здачу мноства аналізаў і наведванне ўрачоў. Яно і зразумела: давядзецца патраціць на гэта нямала часу. Чэргі пад кабінетамі ствараюць нязручнасці не толькі пацыентам, але і медыкам. Адміністрацыя паліклінікі імкнецца ўпарадкаваць гэты працэс.


Напрыклад, з 19 красавіка з мэтай зняцця сацыяльнага напружання і забеспячэння планамернага прыёму пацыентаў абслугоўванне ў кабінеце электракардыяграфіі ажыццяўляецца па талоннай сістэме.
Цяпер пры неабходнасці выканаць ЭКГ-даследаванне вам трэба мець адпаведнае накіраванне і талон. Прыём па талонах вядзецца на працягу ўсяго часу працы кабінета.


На самыя актуальныя пытанні адказвае ўрач функцыянальнай дыягностыкі Вольга Куталава.

Дзе браць талон?
—Талон на ЭКГ выдае ўрач, які вас лечыць, разам з накіраваннем на даследаванне.

Што павінна быць указана ў талоне?
—У талоне ўказваецца кабінет, дзень і час прыёму. Гэта дазволіць ведаць канкрэтны час абслугоўвання і выключыць доўгае знаходжанне ў чарзе на даследаванне, як гэта было раней.

Што маецца на ўвазе пад тым, што ўрачы забяспечаны талонамі
на ЭКГ з улікам будучых перыядаў?

—Напрыклад, пацыент наведаў урача ў панядзелак. Доктар выдаў яму накіраванне на такія даследаванні, як агульны аналіз крыві, агульны аналіз мачы, і талон на электракардыяграму на чацвер. Гэта значыць, што няма неабходнасці спяшацца раніцай у паліклініку, каб паспець узяць талон на ЭКГ. Акрамя таго, пацыент атрымлівае час, каб падрыхтавацца да здачы аналізаў.

А калі пацыент мае патрэбу ў неадкладнай дапамозе?
—У такім выпадку ён абслугоўваецца па-за чаргой.

Як ажыццяўляецца абслугоўванне пацыентаў, якіх на ЭКГ дастаўляюць у суправаджэнні супрацоўнікаў праваахоўных органаў?
—У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, гэтая катэгорыя грамадзян абслугоўваецца па-за чаргой і без талона. Таксама без чаргі і талона абслугоўваюцца донары крыві.

Вольга Рыгораўна зазначае, што ўжо праз кароткі час выкарыстання такой практыкі назіраецца шэраг станоўчых момантаў: адсутнасць натоўпу перад кабінетам, пацыенты ведаюць час абслугоўвання і спакойна чакаюць, выключаны непрыемныя каментарыі ў адрас іншых пацыентаў, якія не выконваюць парадак чарговасці.

«Дзякуючы ўвядзенню талоннай сістэмы абслугоўвання, прыём пацыентаў вядзецца ў спрыяльнай, добразычлівай атмасферы, — гаворыць урач. — Асабліва прыемна чуць словы падзякі ад пацыентаў, якія па заслугах ацанілі новаўвядзенне ў абслугоўванні».
Падрыхтавала Марына Вакульская.