Пятница, 18 июня 2021

Навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа далі старт новаму працоўнаму семестру і пасадзілі лес

1 462

Сярод маладых людзей штогод знаходзіцца нямала жадаючых скарыстацца магчымасцю падзарабіць, гавораць у райкаме ГА «БРСМ». Летась арганізацыі працоўнага сезона не перашкодзіў нават каранавірус. Паводле слоў першага сакратара райкама БРСМ Аляксандра Бабігорца, штогод на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна ў складзе студатрадаў аб’яднанне дапамагае працаўладкавацца каля дзвюх сотняў юнакоў і дзяўчат. Па выніках трэцяга працоўнага семестра пружанцы не раз адзначаліся на абласным узроўні: як лепшы штаб працоўных спраў, як лепшыя камандзіры і камісары атрадаў.


Сёлета БРСМ плануе не зніжаць мінулагоднюю планку колькасці працаўладкаваных студатрадаўцаў. Ужо больш за дзясятак арганізацый паведаміў у райкам пра сваю гатоўнасць прыняць на работу маладых людзей. У адной з іх — ДЛГУ «Пружанскі лясгас» — студатрад ужо завяршыў работу. З 7 па 21 красавіка тут працаваў экалагічны атрад.


«Калі прапанавалі папрацаваць, мы згадзіліся ўсёй групай. Выкладчыкі падтрымалі і крыху скарэкціравалі навучальны працэс: да абеду, у вольны ад вучобы час мы працавалі, а пасля абеду ішлі на заняткі», — расказвае камандзір студатрада Мікіта Трубей. 22 трэцякурснікі — будучыя аграномы — дапамагалі лесаводам аднаўляць хваёвыя насаджэнні ў месцах суцэльнай высечкі і караедных усыханняў. Паводле слоў юнакоў і дзяўчат, нічога складанага ў гэтай рабоце няма: адзін робіць мячом паглыбленне, другі апускае туды саджанец. Колькі высаджвалі дрэў за працоўны дзень, які працягваецца тры з паловай гадзіны, падлічыць складана. У цэлым студатрадаўцы пасадзілі лясныя культуры на плошчы каля 12 гектараў.


«Маладыя людзі стараюцца, падыходзяць да справы вельмі адказна», — гаворыць ляснік Ліноўскага лясніцтва Сяргей Літвіновіч.

Невыпадкова, што займацца лесааднаўленнем навучэнцы дапамагаюць лясгасу не ўпершыню. Для лесаводаў такая дапамога вельмі дарэчы: дзякуючы памочнікам, яны паспяваюць справіцца з запланаваным аб’ёмам работы ў спрыяльны для пасадкі дрэў тэрмін.
Акрамя зарплаты, студатрадаўцы атрымалі яшчэ і памятныя сувеніры ад лясгаса і БРСМ.
Марына Вакульская. Фота аўтара.