Пятница, 18 июня 2021

Ці проста стаць донарам? Пералічваем неабходныя ўмовы

1 712

“Нядаўна я сутыкнулася з такой сітуацыяй: здарылася бяда ў сям‘і маіх знаёмых — у экстраным парадку спатрэбілася кроў для пералівання. Я, не раздумваючы, вырашыла стаць донарам. Увогуле тых, хто жадаў дапамагчы, знайшлося нямала, толькі вось донарамі ў той дзень мы не сталі. Узніклі непрадбачаныя перашкоды: у адной была не пройдзена флюараграфія, у другой — аглядны кабінет, у трэцяй — яшчэ нейкая праблема… Хацелася б, каб хто-небудзь са спецыялістаў паліклінікі растлумачыў, якія патрабаванні прад’яўляюцца да патэнцыяльных донараў? Бо сітуацыя можа паўтарыцца: ад бяды ніхто не застрахаваны”.
Алена, г.п.Шарашэва

Адказвае загадчык аддзялення пералівання крыві Пружанскай ЦРБ Іван Іванавіч Сямашка:


— Донарам можа стаць здаровы чалавек з 18 гадоў вагой не менш 55 кг, які вядзе прыстойны лад жыцця і не мае ні хранічных, ні інфекцыйных захворванняў. Ва ўсякім разе, пэўны час павінен прайсці пасля таго, як патэнцыяльны донар лячыў грып ці вострую рэспіраторную інфекцыю. Донарамі не могуць стаць носьбіты гепатытаў, хворыя на сухоты, людзі з ВІЧ, СНІДам, а таксама анкалагічныя хворыя і пацыенты, якія стаяць на ўліку ў псіхіятра.
Кожны патэнцыйны донар павінен загадзя зрабіць флюараграфію ці рэнтгенаграфічнае даследаванне лёгкіх, электракардыяграму, паколькі ў дзень здачы крыві зрабіць гэта будзе нязручна. Жанчыны таксама павінны прайсці агляд у гінеколага.
За суткі да працэдуры трэба выключыць алкаголь, адмовіцца ад тлустай, смажанай, вострай і малочнай ежы і павялічыць аб’ём спажыванай вадкасці да 1,5-2 л. Абавязкова трэба добра выспацца і ў дзень здачы крыві абмежавацца лёгкім сняданкам.
Падрыхтавала Алена Зялевіч.