Воскресенье, 20 июня 2021

14-гадовы школьнік дапамог міліцыі вывесці на чыстую ваду нядобрасумленнага работніка магазіна

2 407


Сяргей Кучараў — звычайны падлетак: вучыцца ў школе, асвойвае ігру на баяне ў школе мастацтваў, мае захапленні… А яшчэ вылучаецца смеласцю і непасрэднасцю, якія падштурхоўваюць яго на недзіцячыя ўчынкі.


Не разгубіўся Сяргей і ў адзін з вясенніх дзён, калі з сябрамі гуляў каля аднаго з гарадскіх магазінаў.

— Мы каталіся на самакатах, а нашы з сябрам курткі ляжалі на бардзюры. З магазіна выйшаў мужчына і загадаў нам падаць іх: маўляў, каб прыкрыць бутэлькі піва. Неўзабаве ён збіраўся вярнуцца па яго, — расказвае пра той выпадак школьнік. — Навошта хаваць піва, калі за яго заплачаны грошы, ён нам так і не змог патлумачыць. На нашу адмову агрэсіўна схапіў верхнюю вопратку і ўсё роўна зрабіў па-свойму.


Зразумела, самастойна справіцца з дарослым мужчынам хлопцы не змаглі б. Таму, як толькі той адышоў, Сяргей адразу ж набраў нумар «102».


— Да яго рэчаў нават дакранацца не сталі, а то яшчэ абвінаваціў бы нас у нядобрых намерах, — па-даросламу разважае хлопец. — Асабіста мне лішнія непрыемнасці не патрэбны, тым больш, што сёлета я збіраюся паступаць у каледж чыгуначнікаў, дзе абітурыентаў чакае сур’ёзны адбор. І так недарэчна сапсаваць сабе характарыстыку не хацелася б.


У выніку праваахоўнікі затрымалі мужчыну. Як высветлілася падчас разбіральніцтваў, ён — работнік прадуктовага магазіна. «Калегі даўно падазравалі яго ў несумленнасці, але, праглядаючы запісы з камер відэаназірання, нічога за ім не заўважалі, — расказаў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Клімашэвіч. — Аказалася, што грузчык даведаўся, дзе ў памяшканні знаходзяцца «сляпыя зоны», якія не трапляюць у радыус агляду камер, і рабіў сваю цёмную справу…»


Сумленны хлопец Сяргей Кучараў выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і.
— Сярожа ў нас — вельмі добры, паслухмяны, адказны, справядлівы хлопчык, — гаворыць пра сына Яна Уладзіміраўна. — Ён самы старэйшы, і я заўсёды магу на яго паспадзявацца: і ў хатніх справах дапаможа, і ў магазін сходзіць, і пры неабходнасці з малодшымі брацікамі пасядзіць… Пры ўсім пры гэтым паспявае і музыкай займацца. А каб паступіць у каледж, вельмі стараецца «падцягнуцца» ў вучобе.


Праваахоўнікі вырашылі аддзячыць падлетку: за актыўную дапамогу ў раскрыцці правапарушэнняў Сяргею аб’явілі падзяку і ўручылі торт. Хлопчык абяцаў запрасіць на чай і свайго сябра Мікіту Чараменіна, з якім ён у той дзень катаўся на самакаце.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота).